Як паведамляе Беларускі ПЭН, сёлета журы галоўнай беларускай літаратурнай прэміі пачало працу ў жніўні, каб традыцыйна ў лістападзе абвясьціць, якая кніга прозы стала найлепшай за мінулы год.
На этапе вызначэньня доўгага сьпісу журы зьвярнулася да аргкамітэту прэміі з прапановай зьменшыць яго:
«У зьвязку зь невялікай колькасьцю выдадзеных у 2022–2023 гадах мастацкіх кніг на беларускай мове, выкліканай крызісам кнігавыданьня, і, адпаведна, з крытычна малой розьніцай паміж колькасьцю пазыцыяў поўнага і доўгага сьпісаў журы прэміі прапануе скараціць колькасьць кніг доўгага сьпісу з дванаццаці да дзесяці.
Разам з тым гэтая колькасьць можа быць і павялічаная да дванаццаці ў выпадку паляпшэньня агульнай сытуацыі ў айчынным кнігавыданьні ў наступных сэзонах».
Аргкамітэт прэміі разгледзеў і прыняў рашэньне ўхваліць запыт журы. Такім чынам, сёлета доўгі сьпіс прэміі Гедройця складаецца зь дзесяці пазыцыяў:
- «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым» — Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023)
- «Забіць упалмінзага» — Зміцер Бартосік («Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022)
- «Я танцую» — Віка Біран (выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023)
- «Гарэзьлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
- «На прызьбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023)
- «Жамяра: жаночыя гісторыі» — Алена Вешторт (выдавецтва «Альфа-кніга», 2023)
- «Вольнеры. Прадвесьце» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
- «Круглая Square: Іранічны жыцьцяпіс чалавека і імпэрыі» — Вал Клемэнт (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023)
- «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» — Дзяніс Марціновіч (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
- «Час пустазельля» — Ганна Янкута (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
Форум