Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША пацьвердзіў перадачу іранскіх ракет Расеі і анансаваў новыя санкцыі


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Расея ўжо атрымала балістычныя ракеты ад Ірану, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

«Мы папярэджвалі Тэгеран публічна, мы папярэджвалі Тэгеран у прыватным парадку, што гэты крок будзе небясьпечнай эскаляцыяй. Расея ўжо атрымала партыі гэтых ракет», — сказаў Блінкен.

Ён дадаў, што «Расея, імаверна, будзе выкарыстоўваць іранскія балістычныя ракеты на працягу некалькіх тыдняў».

Акрамя таго, дзяржсакратар паведаміў, што сёньня Штаты абвесьцяць пра новыя санкцыі. Вядома, што пад абмежаваньні трапіць найбуйнейшая іранская авіякампанія Iran Air.

Раней ЗША паведамілі саюзьнікам, што Іран перадаў Расеі балістычныя ракеты малой далёкасьці, пісала 8 верасьня агенцтва Associated Press са спасылкай на свае крыніцы.

Улады Ірану, як і ў выпадку з папярэднімі высновамі амэрыканскай выведкі, адмаўляюць прадастаўленьне зброі Маскве для вайны ва Ўкраіне.

Дэвід Лэмі і Энтані Блінкен
Дэвід Лэмі і Энтані Блінкен

Сёньня ж быў анансаваны сумесны візыт у Кіеў кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША і Вялікай Брытаніі — Блінкена і Дэвіда Лэмі. Пра гэта Лэмі паведаміў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з амэрыканскім калегам.

«Сёньня я магу пацьвердзіць, што мы з Тоні паедзем у Кіеў на гэтым тыдні. Гэта будзе першы падобны сумесны візыт больш як за дзесяць гадоў. Мы самыя блізкія саюзьнікі, таму я рады, што мы пойдзем разам, каб паказаць нашу прыхільнасьць Украіне», — сказаў Лэмі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG