Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыйскі прэм’ер у Кіеве: Мы ніколі не былі нэўтральнымі


Нарэндра Модзі і Ўладзімір Зяленскі, 23 жніўня 2024
Нарэндра Модзі і Ўладзімір Зяленскі, 23 жніўня 2024

Падчас візыту ў Кіеў прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі заявіў, што Індыя гатовая зрабіць актыўны ўнёсак у намаганьні дзеля дасягненьня міру, Нью-Дэлі выступае за дасягненьне міру ва Ўкраіне дыпляматычнымі сродкамі.

«Індыя гатовая актыўна зрабіць свой унёсак ва ўсе тыя намаганьні, якія робяцца для дасягненьня міру, і я асабіста як сябра, калі я магу адыграць якую-небудзь ролю, я вельмі хацеў бы адыграць гэтую ролю ў мірным урэгуляваньні», — сказаў ён падчас перамоваў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Паводле ягоных слоў, Індыя выступае за дасягненьне міру ва Ўкраіне дыпляматычнымі сродкамі, паважаючы сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы.

«Мы трымаліся ўбаку ад вайны, але гэта ня значыць, што мы былі проста абыякавымі назіральнікамі. Мы ніколі не былі нэўтральнымі і зь першага дня сталі на бок міру. Таму, калі я прыйшоў на зямлю Ўкраіны, я прыйшоў з пасланьнем міру», — сказаў ён.

Модзі нагадаў, што Індыя нядаўна прымала трэці саміт «Голас глябальнага Поўдня», у якім узялі ўдзел 120 краін, і ад імя гэтых краін ён «прыехаў з пасланьнем міру».

«Пасланьне палягае ў тым, што мы падтрымліваем павагу да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Адзіны спосаб пераадолець праблемы — гэта дыялёг і дыпляматыя. Не губляючы часу, трэба рухацца ў гэтым кірунку. Абодвум бакам давядзецца сесьці разам і шукаць шляхі выхаду з гэтага крызісу», — сказаў прэм’ер-міністар Індыі, нагадаўшы таксама пра сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Паводле ягоных слоў, сёньня «гістарычны дзень» у індыйска-ўкраінскіх адносінах — прэм’ер-міністар Індыі сёньня ўпершыню наведвае Ўкраіну.

Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі знаходзіцца зь першым візытам ва Ўкраіне. Як паведамляў Bloomberg напярэдадні візыту, Модзі плянаваў наведаць Кіеў, каб паспрабаваць збалянсаваць сувязі з Вашынгтонам і Масквой, але выключыў ролю пасярэдніка ў спыненьні вайны Расеі ва Ўкраіне.

8 і 9 ліпеня Модзі наведваў Расею і сустракаўся з прэзыдэнтам Пуціным.

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі скрытыкаваў тады візыт Модзі ў Маскву. Раніцай 9 ліпеня ўкраінскі лідэр заявіў, што «гэта вялікае расчараваньне і спусташальны ўдар па мірных намаганьнях — бачыць, як лідэр найбуйнейшай дэмакратыі сьвету абдымаецца ў Маскве з самым крывавым злачынцам у сьвеце ў такі дзень» (меўся на ўвазе ракетны ўдар 8 ліпеня па дзіцячым шпіталі ў Кіеве).

Індыя не падпісала дэклярацыю па выніках саміту міру ў Швайцарыі, арганізаванага Ўкраінай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG