Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі звольніў яшчэ аднаго кіраўніка Беларускай чыгункі праз карупцыю


Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота
Беларуская чыгунка. Ілюстрацыйнае фота

У канцы ліпеня пра затрыманьне Сяргея Сізіна паведаміла Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў.

Савет міністраў Беларусі звольніў Сяргея Сізіна з пасады намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка».

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастанове ўраду, яго звольнілі праз парушэньне «пісьмовага абавязаньня, прадугледжанага заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй» паводле пункту 51
часткі першай артыкула 47 Працоўнага кодэксу Беларусі.

У канцы ліпеня Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў паведамляла пра затрыманьне Сяргея Сізіна, які ў Беларускай чыгунцы курыраваў дзейнасьць гаспадаркі шляхоў, сыгналізацыі і сувязі, электрыфікацыі і электразабесьпячэньня. Тады ж, паводле супольнасьці, затрымалі і галоўнага інжынэра Беларускай чыгункі Сяргея Навадворскага, які адказваў за тэхнічную палітыку і кірункі тэхнічнага разьвіцьця чыгункі і яе аддзяленьняў, рэканструкцыю, тэхнічнае перааснашчэньне і арганізацыю капітальнага будаўніцтва.

Абодва — выхадцы зь Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі.

14 чэрвеня з такім жа абгрунтаваньнем урад звольніў Пятра Дулуба з пасады першага намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка». Яго затрымалі 25 траўня.

13 чэрвеня ГУБАЗіК пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне за хабар аднаго з мэнэджараў Беларускай чыгункі, але імя затрыманага не назвалі. Пазьней гэтае паведамленьне выдалілі зь невядомых прычын.

Новае паведамленьне ГУБАЗіК апублікаваў 14 чэрвеня пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманьне «трох дзясяткаў чалавек» зь ліку чыноўнікаў паводле падазрэньня ў карупцыі. У прыватнасьці, Лукашэнка паведаміў, што «ў схованках у кватэры і ў загарадным доме» Пятра Дулуба знайшлі «грашовыя сродкі на суму больш за 3,2 мільёна даляраў». Дулуб нібыта «стварыў і быў куратарам карупцыйнай схемы дзеля лабіяваньня інтарэсаў камэрцыйных структур у сфэры грузаперавозак па Беларусі і за яе межамі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG