Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма грошай і канкурэнцыі». Што адбылося зь беларускім спортам за чатыры гады


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

У дзень пачатку Алімпіяды расказваем, як зьмяніўся беларускі спорт пасьля жніўня 2020 году і што зь ім можа быць далей.

За чатыры гады, якія прайшлі ад жніўня 2020 году, беларускі спорт апынуўся ў ізаляцыі. Многія спартоўцы ня могуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах, а замест гэтага змагаюцца ў расейскіх чэмпіянатах. Спартоўцам адзінкавых відаў усё яшчэ даступныя міжнародныя арэны. Паглядзелі, дзе беларусы ўсё яшчэ могуць выступаць і ці ёсьць у іх посьпехі.

Адна з апошніх перамог футбольнай зборнай Беларусі ў Менску ў афіцыйным матчы супраць Сан-Марына адбылася ў верасьні 2018 году. Матч скончыўся зь лікам 5:0
Адна з апошніх перамог футбольнай зборнай Беларусі ў Менску ў афіцыйным матчы супраць Сан-Марына адбылася ў верасьні 2018 году. Матч скончыўся зь лікам 5:0

Футбол: сыход легіянэраў

Адзіным камандным відам спорту, дзе беларуская зборная і прафэсійныя клюбы не адлучаныя ад удзелу ў топавых спаборніцтвах, застаецца футбол. Праўда, там таксама ёсьць абмежаваньні: нацыянальнай зборнай і клюбам забаронена ладзіць афіцыйныя матчы на радзіме. Таму зборная праводзіць умоўна «хатнія» гульні ў іншых краінах. Пераважна ў Сэрбіі і Вугоршчыне.

Беларуская зборная чарговы раз не прайшла на чэмпіянат Эўропы ў 2024 годзе. Да 30 лістапада ў Беларусі праходзіць чэмпіянат у футболе сярод камандаў найвышэйшай лігі.

Паводле галоўнага рэдактара спартовага выданьня «Трыбуна» Алега Гаруновіча, для беларускіх футбалістаў цяпер больш прывабна гуляць у іншых краінах, напрыклад у Казахстане. Галоўную ролю тут адыгрываюць грошы.

«Тыя, хто можа хадзіць і бегаць у беларускім футболе, едуць у Казахстан, у Сярэднюю Азію. Выяжджаюць легіянэры. Нехта вяртаецца, але гэта тыя, хто ня змог замацавацца. І нельга сказаць, што так бабахнулі па футболе санкцыі ці яны пераймаюцца, што ім нельга гуляць на радзіме эўракубкавыя матчы і матчы зборнай. Адчуваецца нястача грошай у беларускай спартовай сыстэме. Гэта вядзе да адтоку гульцоў і зьніжэньня ўзроўню чэмпіянатаў. Калі глядзіш на топ бамбардзіраў, то ў яго трапляюць людзі, якія раней не ўваходзілі нават у лік 15 лепшых. А цяпер яны ў топ-5 ці іх называюць найлепшымі гульцамі году», — расказвае Алег Гурыновіч.

Ён даводзіць, што Беларусь магла б падпісаць добрых гульцоў за грошы. Тых, хто змог бы заплюшчыць вочы «на вайну і агрэсію». А ў апошнія гады футбольныя чыноўнікі хочуць павялічыць эфэктыўнасьць выкарыстаньня дзяржаўных грошай у футболе.

«Пачалі ўводзіць ліміты на заробкі, нібыта гэта мусіць даць нейкі штуршок беларускаму футболу. Але на фоне эўрапейскага футболу ён і так быў бедны. Адсюль зьнікае магчымасьць запрашаць больш моцных легіянэраў, утрымліваць сваіх добрых футбалістаў. Гэта не жаданьне зэканоміць, а прадэманстраваць нейкі гаспадарскі падыход», — дадае Алег Гаруновіч.

Гуляць у Казахстане паехалі беларускі брамнік Павал Шчэрбачэня, паўабаронца Яўген Бярозкін, Мікіта Корзун, Мікалай Зотаў ды іншыя футбалісты.

Прэзэнтацыя афіцыйнага талісмана чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году, які павінен быў прайсьці ў Беларусі і Латвіі. Празь дзеяньні беларускіх уладаў падчас пратэстаў у 2020 годзе чэмпіянат перанесьлі ў Латвію цалкам
Прэзэнтацыя афіцыйнага талісмана чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году, які павінен быў прайсьці ў Беларусі і Латвіі. Празь дзеяньні беларускіх уладаў падчас пратэстаў у 2020 годзе чэмпіянат перанесьлі ў Латвію цалкам

Хакей: гульні ў Расеі і Казахстане

Міжнародная фэдэрацыя хакею прыпыніла ўдзел як беларускай, так і расейскай зборнай у міжнародных спаборніцтвах пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. У 2023 годзе гэтае рашэньне падоўжылі. Чэмпіянат сьвету 2021 году Беларусь мусіла правесьці сумесна з Латвіяй. Аднак з прычыны перасьледу апанэнтаў улады ў Беларусі чэмпіянат прайшоў толькі ў Латвіі. Беларуская зборная заняла на ім перадапошняе месца.

Цяпер беларускія хакеісты зь менскага клюбу «Дынама» гуляюць з расейскімі камандамі ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе. Там таксама прысутнічае адна каманда з Кітаю. Яшчэ Беларусь брала ўдзел у турніры Qazaqstan Hockey Open — 2024. Там беларусы атрымалі срэбра, саступіўшы расейцам, але выйграўшы ў казахаў.

Гандбол: Гульня ў лізе «Газпраму»

Да пачатку вайны ва Ўкраіне беларускі гандбольны клюб «Мяшкоў Берасьце» быў пастаянным удзельнікам Лігі нацый. У камандзе гулялі топавыя спартоўцы-іншаземцы. Цяпер беларускія гандбалісты ня могуць выступаць на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Альтэрнатыва — унутраны чэмпіянат і расейская SEHA — Gazprom League. У межах гэтага турніру сёлета «Мяшкоў Берасьце» выйгралі ў сэрбаў, але прайгралі вугорскаму клюбу «Вэспрэм».

Таксама беларускія гандбалісты праводзяць таварыскія матчы з Расеяй. Сёлета стала вядома, што беларускія спартоўцы ня змогуць удзельнічаць у чэмпіянаце Эўропы 2026 году.

Паводле кіраўніка Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна, якраз гульнявыя віды спорту ўспрымаюцца як адлюстраваньне агульнага стану сфэры.

«Асноўная праблема — гэта гульнявыя віды спорту: баскетбол, гандбол, валейбол, хакей. Яны абмежаваныя. Няма рэпрэзэнтатыўнасьці ў масавых відах спорту на міжнароднай арэне. Бо такі спорт успрымаецца як адлюстраваньне ўсяго стану спорту», — гаворыць Аляксандар Апейкін.

Што да альтэрнатывы ў выглядзе расейскіх спаборніцтваў наўзамен міжнародным, то, на думку Апейкіна, гэта не заменіць міжнародную арэну.

«Нават калі расейскія атлеты ў нейкіх відах спорту мацнейшыя, усё роўна трэба змагацца з большай колькасьцю прадстаўнікоў. Адсутнасьць міжнароднай практыкі — гэта балючы вынік для спорту», — кажа кіраўнік фонду спартовай салідарнасьці.

Былы дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь» пасьля пратэстаў 2020 году апынуўся ў палітычнай эміграцыі
Былы дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь» пасьля пратэстаў 2020 году апынуўся ў палітычнай эміграцыі

Алімпіяда: Было 108 спартоўцаў, стала 17

26 ліпеня ў Парыжы пачынаюцца летнія Алімпійскія гульні. Пакуль вядома толькі пра 17 спартоўцаў, якія прадставяць Беларусь на гэтых гульнях.

  • Роварны спорт: Ганна Церах.
  • Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
  • Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
  • Барацьба: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў
  • Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
  • Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
  • Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
  • Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
  • Тэквандо: Георгі Гурцыеў.

Усе яны будуць выступаць пад нэўтральным сьцягам, як і спартоўцы з Расеі. Гэта рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту зьвязана з саўдзелам Беларусі ў расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Таксама ў Беларусі ня будуць весьці трансьляцыю Алімпійскіх гульняў.

Крысьціна Ціманоўская просіць дапамогі ў японскіх паліцэйскіх у аэрапорце Токіё, 2021
Крысьціна Ціманоўская просіць дапамогі ў японскіх паліцэйскіх у аэрапорце Токіё, 2021

Чатыры гады таму на Алімпійскіх гульнях 2020 (яны прайшлі ў 2021 годзе праз пандэмію) у Токіё Беларусь прадстаўлялі 108 спартоўцаў у 20 відах спорту. Беларусы заваявалі на гэтых гульнях адзін залаты, тры срэбныя і тры бронзавыя мэдалі. Спартоўцы маглі выступаць пад афіцыйным сьцягам, у Беларусі паказвалі трансьляцыю Гульняў.

Тады ж на Алімпіядзе адбыўся скандал. 1 жніўня 2021 году лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская расказала, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі. Пасьля лёгкаатлетка атрымала візу і выехала ў Польшчу. На Алімпійскіх гульнях у Парыжы Ціманоўская будзе выступаць у складзе польскай зборнай.

На думку кіраўніка Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна, немагчымасьць выступаць на міжнародных спаборніцтвах адкідвае беларускі спорт назад у часе.

«Спорт — гэта атрыбут незалежнай дзяржавы. Беларускім атлетам кардынальна парэзалі магчымасьць выступаць на міжнароднай арэне, што адбіваецца на ўзроўні разьвіцьця прафэсійнага спорту. Калі раптам заўтра сытуацыя зьменіцца і будзе магчымасьць вярнуцца ў краіну і займацца спортам, то і дзяржаве, і насельніцтву гэта будзе каштаваць інвэстыцый, каб вярнуць спорт на ранейшы ўзровень», — мяркуе Аляксандар Апейкін.

Нягледзячы на абмежаваны ўдзел беларусаў у Алімпіядзе, Апейкін станоўча ацэньвае магчымасьць хаця б такога ўдзелу. Падобную думку мае і Алег Гаруновіч.

«Трэба ехаць і паказваць сабе. Нейкую прапагандысцкую функцыю дзяржава і так зможа выкарыстаць. Некаторыя спартоўцы жывуць у сваім сьвеце і не разумеюць, чаму іх не дапускаюць. Для спартоўцаў гэта кепская сытуацыя. Езьдзіць толькі на расейскія старты нецікава, там сумная канкурэнцыя», — кажа Алег Гаруновіч.

Марыя Жодзік сёлета выступіць на Алімпіядзе пад польскім сьцягам
Марыя Жодзік сёлета выступіць на Алімпіядзе пад польскім сьцягам

Беларусы ў складзе зборных іншых краін

Апроч бягухі Крысьціны Ціманоўскай, шанец выступаць за зборную Польшчы атрымала скакуха ў вышыню Марыя Жодзік. Паводле правілаў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый (World Athletics), спартовец, які зьмяніў спартовае грамадзянства, павінен адбыць трохгадовы карантын. 20 чэрвеня споўнілася тры гады з таго часу, як Жодзік выступала за Беларусь. Таксама ў пашыраны склад польскай зборнай на Алімпіядзе ўвайшла чэмпіёнка Беларусі ў коннай выездцы Вольга Сафронава.

Паводле Аляксандра Апейкіна, шанец выступіць пад іншым сьцягам атрымалі адзінкавыя спартоўцы зь Беларусі. Для гэтага трэба мець высокі ўзровень.

«Трэба быць спартоўцам вельмі высокага ўзроўню: гэта прыклады, калі атлеты ўзроўнем вышэйшыя, чым свае. Натуральна, тады дзяржава зацікаўленая, каб даць грамадзянства, дамагчыся допуску да Алімпійскіх гульняў. Такіх атлетаў адзінкі», — даводзіць Апейкін.

Выдаткі на спорт

У 2020 годзе на спорт зь дзяржаўнага бюджэту выдаткоўвалі 109,9 мільёна рублёў, ці 45,2 мільёна даляраў. У 2024-м — 138,7 мільёна рублёў, ці 43,7 мільёна даляраў. У даляравым эквіваленце выдаткі зьнізіліся на 1,4 мільёна.

На думку Аляксандра Апейкіна, гэта зусім невялікія сумы.

«Грошы выдаткоўваюцца на ўтрыманьне інфраструктуры, на ўтрыманьне дзіцячых школ, на ўтрыманьне розных устаноў алімпійскай рэзэрвы, гэта ўсё невялікія сумы. У Беларусі ў спорце працуе даволі шмат людзей. І заробкі там невялікія. Рэсурсы выкарыстоўваюцца так, што гэта не дае прафэсійнага выніку».

Беларускія спартоўцы таксама цярпяць ад няўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах у фінансавым пляне, дадае Аляксандар Апейкін.

«Гульцы за міжнародныя турніры атрымліваюць бонусы; калі няма міжнародных і камэрцыйных стартаў, спартоўцы фінансава цярпяць. І па многіх відах спорту гэта моцная прасадка. Маладыя атлеты ня бачаць пэрспэктыў. Пераходзяць у іншыя сфэры, вымываюцца кадры. Дарослыя атлеты таксама гэта разумеюць і пакідаюць спорт.

Гэта звужае магчымасьць прафэсійных вынікаў у пэрспэктыве», — лічыць Апейкін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG