Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-камандзір палку Каліноўскага — сярод заснавальнікаў грамадзкага руху «Каліноўцы». У чым мэты і задачы руху


Дзяніс («Кіт») Прохараў, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Дзяніс («Кіт») Прохараў, архіўнае ілюстрацыйнае фота

23 ліпеня стала вядома пра стварэньне новага грамадзкага руху «Каліноўцы». На брыфінгу 24 ліпеня ў Кіеве прадстаўнікі новага руху агучылі яго мэты, задачы і каштоўнасьці, піша «Позірк».

У брыфінгу ўзялі ўдзел былы камандзір палку імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс («Кіт») Прохараў (ён заяўлены як «адзін з заснавальнікаў і лідэраў» руху), намесьнік камандзіра палку Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук, палітычны прадстаўнік палку Дзьмітры Шчыгельскі і кіраўнік праекту «Беларускі дрон» Ігар Турцэвіч.

Галоўная місія новага руху «Каліноўцы» — супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і «наступнае вызваленьне Беларусі ад калябарацыянісцкага рэжыму Лукашэнкі», заявіў на брыфінгу намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

«Мы разумеем, — адзначыў Кабанчук, — што задача цяпер заключаецца ў далейшым нарошчваньні працы па павышэньні баявой гатоўнасьці [палку] і ўцягваньні новых колаў грамадзтва для дапамогі беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне».

Рэалізацыяй гэтых задач зоймецца рух «Каліноўцы», дадаў ён.

Былы камандзір палку Кастуся Каліноўскага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў руху «Каліноўцы» Дзяніс Прохараў назваў мэты і задачы руху. Мэты такія:

  • Стратэгічная мэта — «аб’яднаньне магчымасьцяў і рэсурсаў беларускіх ваенізаваных, вайсковых і грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў дзеля аднаўленьня ў Беларусі дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу пасьля спыненьня расейскай агрэсіі ва Ўкраіне».
  • Тактычная мэта — «узмацненьне тэхнічнага і мабілізацыйнага забесьпячэньня палку Каліноўскага за кошт магчымасьцяў беларусаў — як тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, так і тых, хто вымушана пакінуў радзіму».

Задачы руху:

  • арганізацыя «праектаў тэхнічнага аснашчэньня ПКК сучаснымі відамі ўзбраеньняў»,
  • «стварэньне ўмоваў і каардынацыя даваеннай падрыхтоўкі беларусаў, якія зьяўляюцца патэнцыйным мабілізацыйным рэсурсам палку»,
  • арганізацыя рэабілітацыі вэтэранаў і дзейных байцоў у краінах Эўропы,
  • каардынацыя працы прадстаўнікоў руху ў інстытуцыйных палітычных арганізацыях беларускіх дэмакратычных сілаў (Каардынацыйнай радзе, Аб’яднаным пераходны кабінэце, офісе Сьвятланы Ціханоўскай).

Вадзім Кабанчук падкрэсьліў, што грамадзкі рух «Каліноўцы» ствараюць не ў адказ на канфлікт у палку імя Кастуся Каліноўскага, «дый у прынцыпе канфлікту як такога няма». Паводле яго, «Каліноўцы» — гэта праект, які быў заплянаваны пасьля канфэрэнцыі «Шлях да волі», што прайшла ў Кіеве ў лістападзе 2023 году. «Гэта пасьлядоўнае разьвіцьцё стратэгіі, накіраванай на кансалідацыю беларускіх дэмакратычных і нацыянальна-вызваленчых сілаў для процідзеяньня расейскай агрэсіі і дэакупацыі Беларусі», — дадаў Кабанчук.

Рух «Каліноўцы» ён назваў, «безумоўна, часткай палку Каліноўскага».

  • Полк імя Кастуся Каліноўскага — вайсковае фармаваньне ў складзе УСУ, створанае ў сакавіку 2022 году. Полк складаецца з двух батальёнаў — «Волат» і «Літвін». У шэрагах падразьдзяленьня ваююць грамадзяне Беларусі. Галоўная мэта палку Каліноўскага — «Вызваленьне Беларусі праз вызваленьне Ўкраіны».
  • 19 ліпеня стала вядома, што ў палку Каліноўскага новае кіраўніцтва. Часовым выканаўцам абавязкаў камандзіра палку імя Кастуся Каліноўскага быў прызначаны Павал «Дзядзька» Шурмей. Дзяніс «Кіт» Прохараў перадаў яму абавязкі камандзіра палку, прызначэньне ўхваліў камандзір часткі.
  • У інтэрвію на ютуб-канале Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Павал Шурмей заявіў, што распачатыя некалькі месяцаў таму рэформы ў палку Каліноўскага накіраваныя на тое, каб палепшыць баяздольнасьць палку і павялічыць фінансавую празрыстасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG