Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скандалу абралі новага кіраўніка Беларускай фэдэрацыі футболу


Гульня беларускага чэмпіянату футбола. Архіўнае фота
Гульня беларускага чэмпіянату футбола. Архіўнае фота

У Менску прайшла справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ). Ёй папярэднічаў канфлікт былога кіраўніка арганізацыі Мікалая Шарсьнёва і міністра спорту Сяргея Кавальчука.

Новым старшынём абралі Яўгенія Булойчыка, кіраўніка галоўнай управы спорту і турызму Менскага аблвыканкаму. Ягоную кандыдатуру падтрымалі амаль усе дэлегаты, толькі адзін устрымаўся

Папярэдні старшыня АБФФ Мікалай Шарсьнёў датэрмінова пакінуў пасаду з уласнага жаданьня сёлета ў траўні і ўжо працуе намесьнікам кіраўніка справаў Аляксандра Лукашэнкі.

Адстаўцы Шарсьнёва папярэднічаў ягоны канфлікт зь дзейным міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком. Прычынай канфлікту стала незадаволенасьць міністра вынікамі працы старшыні АБФФ у разьвіцьці беларускага футболу. Апрача таго вядома, што былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Кавальчук, прызначаны на пасаду міністра спорту яшчэ ў 2018 годзе, сёлета заявіў, што Беларусь нібыта зацікаўленая ў супольным з Расеяй футбольным чэмпіянаце.

Такая заява супярэчыла пазыцыі тагачаснага кіраўніцтва АБФФ, якое даводзіла, што ўдзел у чэмпіянаце Расеі пазбавіць беларускія клюбы магчымасьці гуляць у эўракубках, а гэта прывядзе да значных фінансавых стратаў, паведамляла «Наша Ніва».

У выніку ў спрэчку спартовых чыноўнікаў умяшаўся Аляксандр Лукашэнка.

«Вам трэба гэтую цяганіну з Шарсьнёвым спыніць. Калі Шарсьнёў ня здольны працаваць на гэтай пасадзе, значыць, будзем шукаць іншага чалавека. Але да вырашэньня вашай спрэчкі адзін шлях — вынік. Ты як спартовец гэта добра ведаеш. Ёсьць вынік — добра. Няма выніку — дрэнна. Мне шмат тут казалі, расказвалі, але я ня бачу ў футболе пакуль выніку», — сказаў Лукашэнка Кавальчуку на нарадзе ў спартовых пытаньнях у сакавіку 2025 году.

22 траўня стала вядома, што Мікалай Шарсьнёў прызначаны на пасаду ў кіраўніцтве справаў Лукашэнкі, а 30 траўня ён падаў заяву аб адстаўцы з пасады старшыні АБФФ.

На выбарах новага кіраўніка беларускага футболу таксама не абышлося безь нечаканасьцяў. 15 ліпеня пры вылучэньні кандыдатаў на пасаду новага старшыні Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» зьняў сваю кандыдатуру першы намесьнік старшыні Андрэй Васілевіч, які паўтара месяца выконваў абавязкі кіраўніка АБФФ.

«Улічваючы актуальную сытуацыю ў беларускім футболе, лічу, што ўзначаліць АБФФ павінен чалавек з важкім адміністрацыйным рэсурсам», — пракамэнтаваў сваё рашэньне Андрэй Васілевіч.

17 ліпеня на пасаду старшыні АБФФ акрамя Яўгенія Булойчыка прэтэндаваў Андрэй Талмач, былы футбаліст і трэнэр, генэральны дырэктар менскага футбольнага клюбу «Дынама».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG