Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атакавалі энэргааб’екты, жылыя дамы і чыгунку ва Ўкраіне. Ёсьць загінулыя і параненыя


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Абломкі расейскай ракеты каля пашкоджанага будынка цеплаэлектрастанцыі пасьля расейскай атакі на Ўкраіну, 2 траўня 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Абломкі расейскай ракеты каля пашкоджанага будынка цеплаэлектрастанцыі пасьля расейскай атакі на Ўкраіну, 2 траўня 2024 году

Расейская армія ў ноч на 20 ліпеня атакавала Харкаўскую, Палтаўскую, Сумскую, Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці Ўкраіны, вынікае з паведамленьня Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Для атак Расея выкарыстала тры балістычныя ракеты «Іскандэр-М», адну крылатую ракету «Іскандэр-К» і 17 дронаў (16 «Шахедаў» і адзін дрон неўстаноўленага тыпу). Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што сіламі СПА ўдалося зьбіць 13 бесьпілётнікаў.

Пад ракетны ўдар трапіў горад Барвенкава ў Харкаўскай вобласьці. Загінулі два чалавекі, яшчэ трое параненыя, паведаміў начальнік паліцыі рэгіёну Ўладзімір Цімошка. Пашкоджаныя 50 дамоў, адміністрацыйныя будынкі, гаспадарчыя збудаваньні і машыны.

Акрамя гэтага, у Харкаўскай вобласьці пад атаку патрапіла чыгунка, пацярпелі чатыры чалавекі, будынкі і рухомы склад, паведамляе кампанія «Укрзалізниця». Таксама з прычыны атакі пацярпела кантактная сетка на выезьдзе з Харкава, праз гэта затрымаліся цягнікі Кіеў-Харкаў 63 і 719. Рух па чыгунцы ўжо аднавіўся.

У «Укрэнэрга» паведамілі, што ўначы дроны атакавалі энэргетычныя абʼекты ў Палтаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях. У выніку на трох падстанцыях узьніклі пажары, іх ужо ліквідавалі. Кампанія ўдакладніла, што ў некаторых раёнах Палтаўскай і Чарнігаўскай абласьцей адключылі электрычнасьць на абʼектах прамысловасьці і ў бытавых спажыўцоў. Цяпер вядуцца аднаўленчыя работы.

У Палтаўскай вобласьці пасьля начнога абстрэлу без электразабесьпячэньня засталіся 16 населеных пунктаў, гэта каля 3,8 тысяч чалавек, паведаміў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Філіп Пронін. «У Міргарадзкім раёне пашкоджана грамадзянская інфраструктура. Узьнік пажар, ратавальнікі ўжо яго ліквідавалі», — дадаў ён.

У Сумскай вобласьці расейскія дроны атакавалі энэргаабʼект у Канатопшчыне. Адзін з дронаў зьбілі з дапамогай СПА.

У Саламянскім раёне Кіева ў выніку атакі зафіксавалі падзеньне «пэўных фрагмэнтаў дрона». Пацярпелых і разбурэньняў няма, паведамілі ў мясцовай адміністрацыі.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі БПЛА, ракетамі, кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню. Нягледзячы на доказы і сьведчаньні, Масква адмаўляе мэтанакіраваны напад на мірных жыхароў з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG