Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Коршунаў: мігранцкі крызіс далёкі ад свайго завяршэньня


Мігранты каля плоту на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай
Мігранты каля плоту на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай

Старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў апублікаваў на сайце цэнтру аналіз апошніх тэндэнцыяў у адносінах Беларусі з суседнімі краінамі ЭЗ.

Паводле дасьледчыка, крызіс ня толькі не разьвязаны, ён, хутчэй, нарошчвае патэнцыял для будучага разьвіцьця.

Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

Улады Латвіі прынялі рашэньне аб забароне на ўезд у краіну з 16 ліпеня любых транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі. Як гэта дапаможа вырашыць праблемы з мігрантамі або нашкодзіць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — не зразумела. Хоць, кажуць, гэта зроблена ў сувязі з чарговым пакетам санкцыяў ЭЗ.

Літва паведаміла, што таксама можа ўвесьці забарону на ўезд аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі, а таксама на вываз з краіны шэрагу тавараў у Беларусь. А Эстонія ўжо гэта зрабіла — з 12 ліпеня дзейнічае забарона на ўезд на эстонскую тэрыторыю аўтамабіляў як на расейскіх, гэтак і на беларускіх нумарах.

Польшча таксама крыху аптымізавала патрабаваньні адносна перасячэньня сваёй мяжы беларускімі аўтамабілямі. Пакуль яшчэ езьдзіць можна, але толькі ўладальніку машыны (па даверанасьці нельга).

Акрамя таго, у бліжэйшай будучыні аўтатранспартным кампаніям зь Беларусі забароняць перавозіць тавары па тэрыторыі ЭЗ. Пад забарону падпадуць і зарэгістраваныя ў ЭЗ пасьля 8 красавіка 2022 году кампаніі, якімі хаця б на 25% валодаюць грамадзяне Беларусі.

З 3 ліпеня ў Літве пачала дзейнічаць забарона на ўвоз зь Беларусі вялікага сьпісу тавараў (каля 2800 відаў). У той дзень мы бачылі горы бутэрбродаў і рэкі гарбаты, якія нельга было правозіць празь мяжу. Але такога ўзроўню крэатыўнасьці забарона пратрымалася літаральна пару дзён, пасьля чаго ступень крэатыўнасьці крыху прытушылі.

Польшча з 4 ліпеня перастала афармляць чэкі Tax Free на шэраг тавараў, якія вывозяцца людзьмі ў Беларусь, а таксама перастала прапускаць гэтыя тавары праз мяжу пры ўезьдзе.

Па сутнасьці, мы ўжо маем вакол Беларусі жалезную заслону, у якой пакуль застаюцца невялікія акенцы. І намаганьнямі беларускіх уладаў гэтых акенцаў становіцца менш. Рэжыму праблемы беларусаў, якія перасякаюць мяжу, абыякавыя.

Іншая справа, што з зачыненьнем гэтых акенцаў адбываецца і частковае зацісканьне транзытных артэрыяў Беларусі, у тым ліку і адносна чыгуначных зносінаў. Гэтыя моманты, падмацаваныя візытам польскага прэзыдэнта ў Кітай і ўвагай Кітаю да праблем на межах Беларусі з краінамі ЭЗ, прымусілі беларускія ўлады неяк рэагаваць. Праўда, хутчэй вэрбальна. Напрыклад, заявай кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова, што «мяч на польскім баку».

На заходнім і паўночным напрамках сытуацыя не сказаць, што значна палепшылася. Так, замарозілася.

З аднаго боку, апошнія 4 тыдні (гэта значыць, амаль зь сярэдзіны чэрвеня) міграцыйны паток зь Беларусі ў Латвію, Літву і Польшчу не перавышае плянкі 650 спроб парушыць межы за тыдзень, што ў 2-3 разы менш, чым было ў красавіку-траўні сёлета. Зь іншага боку, гэта зусім ня нуль.

Да таго ж тэндэнцыі ў дынаміцы колькасьці спробаў нелегальна трапіць у ЭЗ з тэрыторыі Беларусі перасталі выклікаць аптымізм. Мінулы тыдзень быў першым за апошнія 2 месяцы, калі ўстойлівы трэнд на зьніжэньне нападаў на межы зламаўся. Калі ў першы тыдзень ліпеня такіх спробаў было крыху больш за 470, то на мінулым тыдні ўжо больш за 570 — гэта рост прыкладна на 20%.

Канал «МотолькоПомоги» заўважыў, што ў нядзелю ў Менск з Бэйруту прыбыў борт сырыйскай авіякампаніі Cham Wings. Гэты рэйс адметны некалькімі рэчамі. Па-першае, гэта першы такі вылет са сталіцы Лібану ў Менск. Па-другое, у 2021 годзе кампанія Cham Wings ужо праявіла сябе як транспартнік для нелегальных мігрантаў. Цікава, што раней гэты борт прылятаў у Беларусь роўна за тыдзень да таго з Дамаску (Сырыя) — 7 ліпеня.

Можна колькі заўгодна гаварыць пра тое, на чыім баку мяч, але калі ты здольны ў любы момант выкінуць на поле яшчэ дзясятак неканвэнцыйных шароў, сэнс у працягу гутаркі — невялікі. Тут будзь гатовы, што табе проста зачыняць уваходы-выхады на поле.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG