«На ХАМАС ляжыць частка юрыдычнай, палітычнай, маральнай адказнасьці за працяг вайны на зьнішчэньне, якую вядзе Ізраіль у сэктары Газа. Мы заклікаем ХАМАС аддаць перавагу вышэйшым нацыянальным інтарэсам і не даваць акупацыйным уладам далейшыя падставы працягваць бойню», – зазначаецца ў паведамленьні адміністрацыі Махмуда Абаса.
Паведамленьне ў адрас ХАМАС зьявілася на наступны дзень, пасьля таго як Армія абароны Ізраілю нанесла ўдар па поўдні сэктара Газа, у раёне Хан-Юніса. Ізраільскі бок паведаміў, што адной з мэтаў атакі быў камандзір ваеннага крыла ХАМАС Мухамэд Дэйф, якога лічаць адным з арганізатараў нападу на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага года.
Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы паведаміла, што ракеты трапілі ў намётавы лягер уцекачоў. Загінулі, як сьцьвярджаецца, каля сотні чалавек, некалькі соцень атрымалі раненьні. Незалежнага пацьверджаньня гэтых зьвестак няма. Ізраільскае войска паведамленьне аб нападзе на лягер бежанцаў адпрэчыла.
Раней сёньня СМІ са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка ХАМАС паведамілі, што палестынская групоўка выйшла зь перамоваў з Ізраілем аб перамір'і і вызваленьні закладнікаў, захопленых джыхадыстамі падчас атакі 7 кастрычніка. Прычынай рашэньня называліся «масавыя забойствы» палестынскага насельніцтва і магчымае забойства Мухамэда Дэйфа.
Пазьней ХАМАС абверг паведамленьне аб выхадзе з перамоваў, абвінаваціўшы Ізраіль у эскаляцыі канфлікту для таго, каб заблякаваць шлях да пагадненьня аб спыненьні агню.
Ізраіль апошнія паведамленьні ХАМАС пакуль не камэнтаваў.
Форум