Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў аб «ліквідацыі напружанасьці ля мяжы з Украінай» і даручыў адвесьці войскі


Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота.
Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота.

У суботу, 13 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка падчас наведваньня 56-га зэнітнага ракетнага палка заявіў «ліквідацыі напружанасьці ля мяжы з Украінай», піша БелТА.

Гэтую заяву ён зрабіў у Лунінецкім раёне Берасьцейскай вобласьці, куды выправіўся 13 ліпеня, каб «абмеркаваць з сілавікамі забесьпячэньне ваеннай бясьпекі краіны на паўднёвым апэрацыйным напрамку».

«Пасьля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае ўзброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і ўвогуле вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы, — заявіў Лукашэнка. — Цяпер у нас ускладненьняў ніякіх няма з украінцамі, і я спадзяюся, што і не будзе ».

БелТА паведамляе, што Лукашэнка заслухоўваў даклад «аб становішчы пры выкананьні задач баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне», і што ён даручыў адвесьці войскі ад мяжы з Украінай у месцы сталай дыслякацыі. Паводле Лукашэнкі, цяпер «не павінна быць ніякіх лішніх мерапрыемстваў». Лукашэнка таксама заявіў аб плянах абмеркаваць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным далейшыя крокі па Ўкраіне.

Гэтыя заявы Лукашэнкі Кіеў пакуль не камэнтаваў.

  • У сакавіку 2023 года стала вядома, што ў Лунінцы сфарміравалі новы зэнітны ракетны полк. Кіраўнік Мінабароны Беларусі тлумачыў такі крок «адэкватным адказам на сытуацыю вакол нашых межаў».
  • 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе да Дня незалежнасьці Лукашэнка, які падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны, заявіў: «Вельмі актывізаваліся нашыя суседзі ў апошнія некалькі дзён, можа, пару тыдняў. Вельмі актыўна. Але мы ні ў якім разе не павінны дапусьціць ніякай эскаляцыі і ніякага абвастрэньня. Я хачу, каб украінскае кіраўніцтва гэта пачула. Канцэнтрацыя ўзброеных сіл, няхай нават нічога не значных, вельмі небясьпечная падчас баявых дзеяньняў. Мы прааналізавалі сытуацыю. Выдатна разумеем, што ніякага абвастрэньня нам не патрэбна. Мы заўсёды аб гэтым казалі. Украінцы разумеюць, што мы адкажам».
  • Па сьцьвярджэньні прамоўцы, беларускія памежнікі і вайскоўцы «перахапляюць дзясяткамі беспілётнікі». З іх дапамогай на тэрыторыю Беларусі нібыта перакідваецца «вялікая колькасьць узрыўчаткі», каб «затым даставіць яе ў Расею для ўчыненьня тэрактаў».
  • «Я б папрасіў украінцаў не сваволіць з агнём. Гэта вельмі небясьпечна», — заявіў Лукашэнка.
  • «Позірк» нагадвае, што 20 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў, што Ўкраіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраеньне. На наступны дзень у Беларусі пачалася праверка войскаў з выхадам часьцей і падразьдзяленьняў на палігоны і ўчасткі мясцовасьці ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.
  • Украінскія ўлады пацьвердзілі, што ўзмацняюць абарону на мяжы з Беларусьсю, але адкінуў абвінавачаньні ў правакацыях.
  • 29 чэрвеня спікер украінскай Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што ў апошні час «Беларусь актывізавала інфармацыйныя ўкіды адносна ўмацаваньня з боку Ўкраіны, у прыватнасьці ў межах Жытоміршчыны». Менску «мроіцца сьцягваньне самых разнастайных падразьдзяленьняў, усяго наяўнага ўзбраеньня і тэхнікі», сказаў спікер ДПСУ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG