Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 ліпеня: Асуджанаму на 10 гадоў мастаку Вярбіцкаму зноў дадалі 2 гады калёніі


Міліцэйскі канвой. Архіўнае фота
Міліцэйскі канвой. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

У судзе Ленінскага раёну Берасьця 4 ліпеня распачаўся суд над анэстэзіёлягам-рэаніматолягам Цімурам Лазко, паведамляе «Вясна».

Яго абвінавачваюць паводле частак 1 і 2 арт. 290 Крымінальнага кодэксу («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

Лекару пагражае ад 8 да 12 гадоў зьняволеньня. Наступнае пасяджэньне прызначана 5 жніўня. Справу разглядае Аляксандар Семянчук.

Цімура Лазко затрымалі сёлета ў лютым. У праўладных тэлеграм-каналах зьявіліся відэа ягонага затрыманьня. На ім было паказана, як зь дзясятак сілавікоў у поўным рыштунку, са шчытамі і зброяй урываюцца ў дом мужчыны. Доктар з заведзенымі за сьпіну рукамі расказвае, што ў яго знайшлі падпіскі на Nexta і, акрамя таго, ён данаціў тэлеграм-каналу. Праваабаронцы нагадваюць, што ў красавіку 2022 году мэдыя Nexta Вярхоўны суд прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Пэўна, лекар утрымліваецца пад вартай.

Асуджанага на 10 гадоў мастака Вярбіцкага асудзілі яшчэ на 2 гады

Асуджанаму на 10 гадоў мастаку Івану Вярбіцкаму другі раз дадалі 2 гады да тэрміну нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Выніковы тэрмін Вярбіцкага – 12 гадоў і 1 месяц калёніі.

У 2021 годзе суд прызначыў Вярбіцкаму 8 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў падбухторваньні да тэракту (частка 5 артыкула 16 КК і частка 1 артыкула 289 КК), а таксама ў крадзяжы, зьнішчэньні, пашкоджаньні або ўтойваньні дакумэнтаў (частка 1 артыкула 377 КК).

У 2021 годзе Вярбіцкага этапавалі ў магілёўскую турму №4. У 2022 годзе яго судзілі паводле артыкулу аб непадпарадкаваньні адміністрацыі. Тады суд дадаў да тэрміну мастака 2 гады.

Івана Вярбіцкага затрымалі ў кастрычніку 2020 году. Мастаку, дызайнэру, рэжысэру і пісьменьніку Івану Вярбіцкаму 58 гадоў. Да затрыманьня Іван Вярбіцкі жыў у пасёлку Гальшаны Ашмянскага раёну. Праваабаронцы ведаюць, што за час зьняволеньня палітвязьня некалькі разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG