«Праблема з F-16 складаецца ў колькасьці і датах. Але давайце будзем сумленнымі... Расея кожны дзень выкарыстоўвае супраць Украіны 300 самалётаў. У нас было рашэньне аб 10-20. Нават калі будзе 50 — гэта нішто. Мы абараняемся, мы маем патрэбу ў 128. Гэта флёт», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, саюзьнікі Ўкраіны маюць гэтую інфармацыю.
«Пакуль у нас ня будзе 128 самалётаў, мы ня зможам зь імі (расейцамі. — Рэд.) раўняцца ў небе, гэта будзе складана», — дадаў прэзыдэнт.
Яшчэ летась у Паветраных сілах УСУ заяўлялі, што 128 зьнішчальнікаў неабходныя Ўкраіне для таго, каб замяніць стары авіяцыйны парк тэхнікі, такая колькасьць прапісана ў бачаньні Паветраных сіл УСУ.
У пачатку ліпеня міністар абароны Нідэрляндаў Кайса Олянгрэн паведаміла аб выдачы дазволу на экспарт 24 зьнішчальнікаў F-16 Украіны. Адзначалася, што першыя самалёты будуць перададзеныя Ўкраіне «ў найбліжэйшы час».
Украінскія пілёты зараз праходзяць навучаньне. Выданьне The New York Times раней пісала, што Ўкраіна можа атрымаць да ліпеня толькі шэсьць з прыкладна 45 зьнішчальнікаў F-16, абяцаных заходнімі краінамі. Чакаецца, што да лета гэтага году будуць гатовыя 12 пілётаў — гэта менш за поўную эскадрыльлю.
Улады Ўкраіны неаднаразова заяўлялі, што зьяўленьне заходніх зьнішчальнікаў ва Ўкраіне можа зьмяніць сытуацыю на полі бою, бо Расея мае «поўную перавагу ў небе» на акупаваных тэрыторыях.
Форум