Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін і Лукашэнка нясуць такую ж пагрозу сьвету, як некалі Гітлер», — Пэлосі і Ціханоўская ў сумесным артыкуле для Washington Post


Артыкул Нэнсі Пэлосі і Сьвятланы Ціханоўскай
Артыкул Нэнсі Пэлосі і Сьвятланы Ціханоўскай

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў сумесным артыкуле для Washington Post выказалі меркаваньне, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ўяўляюць для сусьветнага парадку такую ​​ж пагрозу, як у свой час Адольф Гітлер.

Артыкул палітыкаў у Washington Post апублікаваны 9 ліпеня.

Аўтаркі адзначаюць, што Лукашэнка — найбліжэйшы паплечнік Пуціна — «паставіў Беларусь у цэнтар украінскага крызісу», пагадзіўшыся на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі і вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі. Яны падкрэсьліваюць, што Лукашэнка дазваляе Пуціну мець уплыў і кантроль над Беларусьсю, бо Масква дапамагае яму ўтрымліваць уладу.

У публікацыі згадваюцца палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, у выніку якіх жыхары краіны «жывуць у страху перад стукам у дзьверы».

«Тым ня менш народ Беларусі супраціўляецца тыраніі Лукашэнкі. У 2020 годзе пераважная большасьць выбарнікаў мужна адпрэчылі дыктатуру і прагаласавалі за дэмакратыю. Але Лукашэнка (пры садзейнічаньні Пуціна) скраў выбары ў беларускага народа, адмяніў свабодныя і справядлівыя выбары і незаконна ўтрымаўся ва ўладзе. Мы ня ведаем агульнай колькасьці палітвязьняў, якія зазнаюць жорсткае абыходжаньне ў Беларусі. Але мы ведаем імёны многіх зь іх», — заяўляюць Ціханоўская і Пэлосі.

У артыкуле згадваюцца палітвязьні, якія больш за год ня маюць сувязі са зьнешнім сьветам: Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калесьнікава, Мікалай Статкевіч і Максім Знак. Гаворыцца, што «паступаюць трывожныя паведамленьні» пра стан здароўя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

На думку аўтарак публікацыі, напярэдадні саміту NATO саюзьнікі і партнэры дэмакратычных сілаў павінны зрабіць захады для падтрымкі прадэмакратычнага руху ў Беларусі і «ўзмацніць ціск на пуцінскага памагатага Лукашэнку — і, як сьледзтва, на самога Пуціна».

Па-першае, прапануюць Ціханоўская і Пэлосі, трэба гарантаваць бясьпечны прытулак для беларускіх актывістаў, якія вымушаныя ўцякаць з краіны: «надаць усебаковую дапамогу беларускаму руху за свабоду, у тым ліку незалежным СМІ, арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцам і рэпрэсаваным».

Па-другое, неабходна ўвесьці яшчэ больш жорсткія санкцыі супраць Расеі за яе «антыдэмакратычную дзейнасьць», ізаляваўшы Пуціна і ягоную эканоміку ад дэмакратычнага сьвету.

Па-трэцяе, «і пуцінская Расея, і лукашэнкаўская Беларусь павінны быць уключаныя ў сьпіс дзяржаваў — спонсараў тэрарызму», прапануюць Пэлосі і Ціханоўская.

«Не памыліцеся: Пуцін і Лукашэнка ўяўляюць такую ж небясьпеку для сусьветнага парадку, як Адольф Гітлер у свой час. Гісторыя папярэджвае нас, што мы ніколі не павінны баяцца супрацьстаяць рэпрэсіўным дыктатурам, якія імкнуцца зьнішчыць дэмакратыю. Беларуская апазыцыя і ўкраінскія змагары за свабоду маюць агульныя рысы. Змагаючыся за сваё вызваленьне, яны зьяўляюцца маякамі свабоды для Эўропы — і для ўсяго сьвету. Мы павінны быць побач зь імі да таго часу, пакуль дэмакратыя не пераможа», — зазначаецца ў артыкуле.

Яго аўтаркі заклікаюць «разам працягваць барацьбу за свабоду і справядлівасьць — за народ Беларусі, за народ Украіны і за ўсё чалавецтва».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG