Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН абмяркуе расейскі ракетны ўдар па дзіцячым шпіталі ў Кіеве


Выратавальныя работы пасьля расейскай ракетнай атакі на Кіеў, 8 ліпеня 2024
Выратавальныя работы пасьля расейскай ракетнай атакі на Кіеў, 8 ліпеня 2024

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш назваў атакі на дзіцячы шпіталь і яшчэ адну мэдустанову ва Ўкраіне «шакавальнымі».

Рада Бясьпекі ААН падчас заплянаванага на аўторак пасяджэньня абмяркуе расейскую атаку па Ўкраіне, падчас якой быў нанесены ўдар па дзіцячай лякарні ў Кіеве. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дыпляматаў.

На гэты момант у Радзе Бясьпекі ААН старшынюе Расея.

Ракетны ўдар па кіеўскай дзіцячай лякарні «Охматдит» быў нанесены днём 8 ліпеня, у той жа дзень ракеты атакавалі іншыя гарады Ўкраіны.

У выніку ўдараў, якія сталі самым сьмяротным нападам Расеі па Ўкраіне за апошнія месяцы, загінулі сама меней 37 мірных жыхароў.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш асудзіў расейскую атаку, паведаміў яго прэс-сакратар Стэфан Дзюжарык. Гутэрыш назваў атакі на дзіцячы шпіталь і яшчэ адну мэдыцынскую ўстанову «асабліва шакавальнымі», паведаміў ён.

«Нанясеньне ўдараў па цывільных асобах і цывільных абʼектах забаронена міжнародным гуманітарным правам. Падобныя атакі непрымальныя і павінны быць спыненыя неадкладна», — сказаў ён.

Пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН запатрабавалі Вялікая Брытанія, Францыя, Эквадор, Славенія і ЗША. Яно заплянавана на раніцу 9 ліпеня па нью-ёрскім часе, піша «Голас Амэрыкі».

«Мы асудзім падступны і жудасны напад Расеі на шпіталь», — заявіла амбасадарка Вялікай Брытаніі ў ААН Барбара Вудвард у сацыяльнай сетцы Х.


Міністэрства абароны Расеі заявіла, што іх армія нібыта атакавала абʼекты вайсковай прамысловасьці і авіяцыйныя базы ва Ўкраіне. Ведамства сьцьвярджае, што не наносіць удары па цывільных асобах, хаця з пачатку ўварваньня ў лютым 2022 году ў выніку расейскіх атак загінулі тысячы мірных жыхароў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG