Ён удакладніў, што з пачатку вайны Расея і Ўкраіна абменьваліся палоннымі агулам 53 разы.
«Працягваем працаваць і шукаць шляхі, каб вызваліць з расейскага палону кожнага і кожную — усіх нашых вайскоўцаў і цывільных, дарослых і дзяцей», — гаворыцца ў паведамленьні Зяленскага.
- У канцы чэрвеня ўпаўнаважаны па правах чалавека ва Ўкраіне Дзьмітрый Лубінец заявіў, што Расея гвалтоўна ўтрымлівае больш за 14 тысяч украінскіх грамадзян.
- Генпракурор Украіны Андрэй Косьцін у чэрвені казаў, што ў Расеі ўкраінскіх ваеннапалонных катуюць і ўтрымліваюць у нялюдзкіх умовах. Паводле яго, пацярпелымі ў выніку знаходжаньня ў палоне прызналі больш за 2 200 украінскіх абаронцаў. Больш за 500 зь іх сьведчылі пра ўжываньне фізычнага гвалту ў дачыненьні да іх падчас допытаў, у тым ліку катаваньне электрычным токам. Ёсьць выпадкі, калі ўкраінскія палонныя, якія вярнуліся дадому, расказвалі, што былі сьведкамі забойстваў іншых палонных. Паводле Косьціна, Расея ўтрымлівае ўкраінскіх палонных у 25 калёніях, што знаходзяцца ў 15 рэгіёнах.
- Апошні абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай прайшоў 28 чэрвеня. Падчас яго зь беларускіх турмаў вызвалілі пяць украінцаў, затрыманых на тэрыторыі Беларусі, сярод іх — Мікалай Швец, арыштаваны нібыта за падрыў расейскага самалёта ў Мачулішчах. Усе яны вярнуліся ва Ўкраіну.
- Беларускія добраахвотнікі Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў, якія ў расейскім палоне ўжо два гады, ня трапілі ў сьпіс для абмену 28 чэрвеня, хоць Украіна ўключыла іх у сьпіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 году. Але Расея іх не ўключае ў сьпісы для абмену.
Форум