Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі тэнісны турнір у Парыжы пройдзе безь беларускага прадстаўніцтва


Арына Сабаленка, архіўнае фота
Арына Сабаленка, архіўнае фота

У апублікаваных афіцыйных сьпісах няма беларусаў.

Міжнародная фэдэрацыя тэнісу ITF апублікавала заявачныя сьпісы на адзіночны і парны розыгрышы маючай адбыцца Алімпіяды ў Парыжы. Афіцыйнае пацьверджаньне атрымала інфармацыя пра тое, што ў францускай сталіцы наогул ня будзе тэнісістаў зь Беларусі, нават у нэўтральным статусе.

Ёсьць шасьцёра тэнісістаў з Расеі, якія будуць выступаць бязь сьцяга і гімну.

Беларускі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка займаюць высокія пазыцыі ва ўсясьветным рэйтынгу і ў Парыжы расцэньваліся бы як прэтэндэнткі на залаты мэдаль. Яны маглі б выступіць на Алімпіядзе ў нэўтральным статусе, бо атрымалі ліцэнзіі. Але ўдзельнічаць ня будуць.

Сабаленка яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня спаслалася на насычаны графік WTA-туру, а затым атрымала траўму, празь якую прапускае і «Ўімблдан». Азаранка заявілася на турнір у Вашынгтоне, які па тэрмінах супадае з алімпійскімі спаборніцтвамі тэнісістаў.

На Алімпійскіх гульнях Арына Сабаленка ўдзельнічала толькі ў Токіё (2021), тады яна выбыла з барацьбы ў 1/16 фіналу.

А вось для Вікторыі Азаранкі гэтыя Алімпійскія гульні маглі стаць 3-мі ў кар’еры пасьля Пэкіну-2008 і Лёндану-2012. Апошнія сталі для яе трыюмфальнымі — у жаночым асабістым розыгрышы яна заваявала бронзавы мэдаль, а ў зьмяшаным, разам з Максімам Мірным, — залаты.

У траўні стала вядома, што 26 беларускіх спартоўцаў у 11 відах спорту атрымалі алімпійскія ліцэнзіі. Яны павінны выступаць у нэўтральным статусе.

15 чэрвеня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў пра допуск да Алімпіяды 11 беларускіх атлетаў, яны выступяць у нэўтральным статусе. У адказ НАК Беларусі скрытыкаваў рашэньне МАК пра нядопуск некаторых беларускіх атлетаў да Алімпіяды і выступіў з рэзкай заявай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG