Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны жэст гульца зборнай Турэччыны на футбольным першынстве Эўропы выклікаў дыпляматычны скандал


Той самы «ваўчыны салют» турэцкага гульца Мэрыха Дэміраля
Той самы «ваўчыны салют» турэцкага гульца Мэрыха Дэміраля

Пачалося чарговае расьсьледаваньне, зьвязанае з палітычнымі заявамі, скандаваньнямі і жэстамі на турніры ў Нямеччыне. Турэччына выказала пратэст у сувязі з заявай нямецкага МУС.

УЭФА пачало расьсьледаваньне пасьля выпадку з «ваўчыным салютам» гульца зборнай Турэччыны Мэрыха Дэміраля. Як піша Deutsche Welle, турэцкі гулец прадэманстраваў жэст турэцкіх нацыяналістаў падчас матчу 1/8 фіналу чэмпіянату Эўропы ў футболе супраць зборнай Аўстрыі.

Сам Дэміраль растлумачыў, што не жадаў абразіць нічые пачуцьці, а ягоны жэст зьвязаны толькі з «турэцкай тоеснасьцю», аднак яго выступ не пагасіў скандал.

«Ваўчыны» жэст у шэрагу эўрапейскіх краін, уключаючы суперніка туркаў у паядынку — Аўстрыю — лічыцца «фашысцкім», заявіла кіраўніца МУС Нямеччыны Нэнсі Фэзэр. А вось у самой Нямеччыне ён не забаронены.

«Сымбалем турэцкіх правых экстрэмістаў ня месца на нашых стадыёнах. Выкарыстаньне чэмпіянату Эўропы ў футболе ў якасьці пляцоўкі для праявы расізму зусім не прымальнае», — заявіла яна.

У адказ МЗС Турэччыны выклікала амбасадара Нямеччыны Юргена Шульца, каб выказаць яму пратэст за словы Фэзэр.

«„Ваўчыны салют“ не абавязкова можа асацыявацца з правым экстрэмізмам, і ён не зьяўляецца забароненым сымбалем у Нямеччыне, — заявілі ў МЗС Турэччыны. — У гэтых абставінах рэакцыя ўладаў Нямеччыны на дзеяньні спадара Дэміраля можа быць расцэненая як ксэнафобская».

Раней на турніры ўжо праводзілі некалькі расьсьледаваньняў. Напрыклад, фэдэрацыю футболу Альбаніі аштрафавалі за скандаваньні фанатаў супраць Сэрбіі і Македоніі. На некалькі матчаў ад матчаў адхілілі аднаго з гульцоў за іх падтрымку. Таксама на турніры скандальнымі скандаваньнямі адзначыліся сэрбскія і харвацкія фанаты, якія абражалі Харватыю і Сэрбію адпаведна. Акрамя таго, з боку заўзятараў зборнай Аўстрыі былі скандаваньні, зьвязаныя з радыкальна правай палітыкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG