Колькасьць дапушчаных да Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы індывідуальных нэўтральных спартоўцаў зь Беларусі, якія пацьвердзілі свой удзел у іх, узрасла да 11, вынікае з актуальнай інфармацыі на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Да тых, хто пацьвердзіў свой удзел у Гульнях, дадаліся весьляры Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч, стралкі Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова, тэнісістка Вікторыя Азаранка.
Раней свой удзел у Алімпіядзе пацьвердзілі Ганна Церах (шашэйныя велагонкі), Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка), а таксама Абубакар Хаслаханаў (барацьба).
У сьпісе тых, каго дапусьцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе, але яны адмовіліся, па-ранейшаму значацца Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзьмітры Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысьціна Сазыкіна (усе — барацьба).
Пакуль не далі адказу наконт свайго ўдзелу ў Гульнях дапушчаныя да іх тэнісістка Арына Сабаленка (неафіцыйная адмова дадзена ў чэрвені), канаісты Ўладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна.
Па-ранейшаму чакаецца рашэньне аб допуску беларускіх прадстаўнікоў тэквандо (адна мужчынская ліцэнзія) і сучаснага пяцібор’я (дзьве жаночыя ліцэнзіі).
15 чэрвеня МАК паведаміў пра допуск да Алімпіяды 11 беларускіх спартоўцаў у нэўтральным статусе. За мінулыя 16 дзён іх колькасьць узрасла да 19.
Адзначалася, што ўсе яны ўхваленыя нэўтральнай групай па праверцы адпаведнасьці спартоўцаў кваліфікацыйным патрабаваньням (AINERP), якую МАК заснаваў у сакавіку гэтага году.
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі 17 чэрвеня выказаў «неразуменьне і абурэньне» наконт складу спартоўцаў, дапушчаных да Алімпіяды.
«Зь невытлумачальных прычын не дапушчаныя да ўдзелу тыя атлеты, якія пасьпяхова прайшлі праверкі, удзельнічалі ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і змаглі выйграць ліцэнзіі», — гаварылася ў заяве.
«НАК Беларусі працягне перамовы з МАК і будзе змагацца індывідуальна за кожнага спартоўца — за яго права выступіць на Гульнях», — адзначалася ў дакумэнце.
Падкрэсьлівалася, што «канчатковае рашэньне аб тым, хто паедзе на Алімпіяду, будзе прынята НАК сумесна з фэдэрацыямі па відах спорту, а таксама спартоўцамі».
Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ўзначальвае старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, зьвярнуў увагу на «адзін з асноўных абʼектыўных прынцыпаў: павінны выступаць толькі тыя, хто змог заваяваць ліцэнзію на Гульні ў жорсткіх, абмежавальных і дыскрымінацыйных умовах, якія склаліся ў сусьветным спорце на сёньняшні дзень».
НАК выказваў незадаволенасьць менавіта складам змагароў, у якім не аказалася наймацнейшых і тытуляваных атлетаў, якія раней заваявалі алімпійскія ліцэнзіі.
Сярод дапушчаных да Алімпіяды адсутнічалі Магамедхабіб Кадзімагамедаў, Аляксандар Гуштын, Павал Глінчук, Вераніка Іванова, Ванэса Каладзінская, Ірына Курачкіна, Арыян Цютрын, Дзяніс Храмянкоў.
Спартыўны партал by.tribuna.com зьвярнуў увагу на прыналежнасьць Глінчук і Івановай да спорткамітэту Мінабароны, Кадзімагамедава і Каладзінскай — да спартыўнага таварыства «Дынама», якім апякуецца МУС. Гуштын у 2019 годзе ўдзельнічаў у Сусьветных вайсковых гульнях.
- Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году.
- 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі за яго пашпарт».
- 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
- З аналягічнымі ўмовамі 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у нэўтральным статусе.
Форум