У прэсавай службе МАК заявілі, што акрэдытацыя СМІ на Гульні — прэрагатыва Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, а «дзейнасьць НАК Беларусі не прыпыненая», паведамляе «Зеркало».
«Акрэдытацыя прэсы на Алімпійскія гульні робіцца адпаведным Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК) для СМІ на тэрыторыі іх краіны. Таму мы адсылаем вас [з гэтым пытаньнем] у НАК Беларусі, дзейнасьць якога не прыпыненая, у адрозьненьне ад Алімпійскага камітэту Расеі (АКР)», — гэтак прэсавая служба Міжнароднага алімпійскага камітэту пракамэнтавала выдачу акрэдытацыі для асьвятленьня летніх Гульняў у Парыжы беларускім прапагандысцкім СМІ.
У сталіцу Францыі змогуць паехаць супрацоўнікі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, газэты «Спортивная панорама», выданьня «Прессбол», сайту SPORT5.BY, прэсавай службы Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і газэты «СБ. Беларусь сегодня».
Пра гэта стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў 18 чэрвеня. У БАЖ адзначалі, што супрацоўнікі БелТА і «СБ. Беларусь сегодня» ўключаныя ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу за прапаганду нападу Расеі на Ўкраіну.
Некаторыя супрацоўнікі газэты «СБ. Беларусь сегодня», якую выдае Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі, разам зь сілавікамі ўдзельнічалі ў допытах людзей, затрыманых падчас мірных пратэстаў у Беларусі. Кадры допытаў, у тым ліку незалежных журналістаў, прапагандысты неаднаразова публікавалі ў інтэрнэце. А прадстаўнікі сайта SPORT5.BY — гэта супрацоўнікі тэлеканала «Беларусь 5», якія маскіруюцца пад работнікаў парталу.
Алімпіяда пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 году.
У траўні стала вядома, што 26 беларускіх спартоўцаў у 11 відах спорту атрымалі алімпійскія ліцэнзіі. Яны павінны выступаць у нэўтральным статусе.
15 чэрвеня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў пра допуск да Алімпіяды 11 беларускіх атлетаў, яны выступяць у нэўтральным статусе. У адказ НАК Беларусі скрытыкаваў рашэньне МАК пра нядопуск некаторых беларускіх атлетаў да Алімпіяды і выступіў з рэзкай заявай.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.
Форум