Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Washington Post: абмежаваньні ЗША не дазваляюць Украіне атакаваць асноўныя аэрадромы РФ


Наступствы абстрэлу ў Харкаўскай вобласьці, 19 чэрвеня 2024 году.
Наступствы абстрэлу ў Харкаўскай вобласьці, 19 чэрвеня 2024 году.

ЗША дазволілі ўзброеным сілам Украіны прымяняць амэрыканскую зброю ня больш чым на 100 кілямэтраў углыб расейскай тэрыторыі.

Гэта азначае, што ключавыя расейскія аэрадромы, зь якіх узьлятаюць самалёты для нанясеньня ўдараў кіраванымі бомбамі, падпадаюць пад абмежаваньне. Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на двух украінскіх чыноўнікаў.

Афіцыйныя асобы ЗША ў размове з выданьнем адмовіліся ўдакладніць абмежаваньне, але назвалі сьцьвярджэньне ўкраінскага боку аб адлегласьці да 100 кілямэтраў няслушным.

Прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што ЗША пагадзіліся дазволіць Украіне біць з прадстаўленай зброі па Расеі, туды, куды прыбываюць расейскія войскі, спрабуючы заняць украінскую тэрыторыю, піша The Washington Post.

У сваю чаргу дарадца па нацыянальнай бясьпецы Белага дому Джэйк Саліван, у размове з PBS адзначыў, што «гаворка ідзе не пра геаграфію, а пра разумны сэнс», і Ўкраіне дазволена «нанесьці ўдар у адказ сілам, якія наносяць удары па ёй з-за мяжы». Пры гэтым украінскія вайскоўцы сумняваюцца, што ў іх ёсьць «такая свабода дзеяньняў, якую могуць мець на ўвазе заявы Пэнтагону і Белага дому», гаворыцца ў публікацыі The Washington Post.

Выданьне са спасылкай на суразмоўцу ў Міністэрстве абароны Ўкраіны заявіла, што дазвол на выкарыстаньне амэрыканскай зброі для ўдараў па тэрыторыі Расеі зьмяніў сытуацыю, асабліва на лініі фронту. Але, паводле слоў крыніцы, «ні дальнабойнасьць, ні віды зброі не зьяўляюцца дастатковымі».

Раней агенцтва Bloomberg паведаміла, што Расея не скарысталася дэфіцытам зброі ва Ўкраіны і не змагла адкрыць новы фронт у Харкаўскай вобласьці, хаця прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пагражаў стварыць уздоўж мяжы «санітарную зону». Пуцін таксама заяўляў, што плянаў па ўзяцьці Харкава ў Крамля «на сёньняшні дзень няма».

У канцы траўня Вашынгтон дазволіў Кіеву наносіць удары па расейскіх сілах, якія атакуюць Украіну, празь мяжу. Атакаваць аб’екты на тэрыторыі Расеі сваёй зброяй Кіеву дазволілі і іншыя заходнія краіны, у тым ліку Польшча, Данія, Нідэрлянды.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG