Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўднёвая Карэя адрэагавала на візыт Пуціна ў Паўночную Карэю, разглядае пастаўкі зброі Ўкраіне


Здымак з сумесных вучэньняў Паўднёвай Карэі, Японіі і ЗША, архіўнае фота
Здымак з сумесных вучэньняў Паўднёвай Карэі, Японіі і ЗША, архіўнае фота

У Сэуле вельмі ўважліва сочаць за перамовамі Масквы з Пхэньянам.

Паўднёвая Карэя разгледзіць пытаньне аб пастаўках зброі Ўкраіне пасьля заключэньня дамовы аб супрацы і абароне паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі заявіў дарадца ў нацыянальнай бясьпецы краіны Чан Хо Чжын, перадае агенцтва Yonhap.

«Урад выказвае сур’ёзную заклапочанасьць і асуджае падпісаньне пагадненьня», — заявіў Чан. Ён дадаў, што любое супрацоўніцтва, якое наўпрост або ўскосна спрыяе вайсковаму ўзмацненьню Паўночнай Карэі, парушае рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН.

Паўднёвая Карэя — адзін з найбуйнейшых у сьвеце пастаўнікоў узбраеньняў. Аднак ва Ўкраіну Сэул зброю не пастаўляе. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін нядаўна заяўляў, што паважае гэта ў адносінах дзьвюх краін.

Пры гэтым шэраг СМІ паведамлялі, што паўднёвакарэйскія набоі маглі пастаўляцца ў ЗША, каб Вашынгтон, у сваю чаргу, мог адпраўляць іх Украіне паводле сваіх абавязаньняў.

Неназваны суразмоўца агенцтва ў сядзібе прэзыдэнта Паўднёвай Карэі ня стаў пацьвярджаць агенцтву перагляд пытаньня аб пастаўках, але ня стаў і зьняпраўджваць гэта. Паводле яго слоў, Сэул пакуль ня будзе адкрыта камэнтаваць сытуацыю.

Пагадненьне аб супрацы было падпісана кіраўнікамі Расеі і Паўночнай Карэі Ўладзімірам Пуціным і Кім Чэн Ынам. Адзін з пунктаў пагадненьня гарантуе бакам узаемную ваенную дапамогу ў выпадку ўварваньня трэцяй краіны.

Паўднёвая і Паўночная Карэя, якія былі адной краінай да 1948 году, з 1950-га афіцыйна знаходзяцца ў стане вайны. У 1953 годзе, пасьля актыўных баявых дзеяньняў, якія прывялі да гібелі сотняў тысяч чалавек, краіны падпісалі перамір’е, а вось паўнавартаснай мірнай дамовы з тых часоў так і не падпісалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG