Служба бясьпекі Ўкраіны і Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны арганізавалі і рэалізавалі начную атаку, якая выклікала буйны пажар на нафтабазе ў горадзе Азоў на поўдні Расеі, паведаміла ўкраінскай службе Радыё Свабода надзейная крыніца ва ўкраінскіх сілавых структурах.
Крыніца паведаміла, што ў выніку спэцапэрацыі СБУ з выкарыстаньнем некалькіх бесьпілётнікаў на аб’екце ў Растоўскай вобласьці, дзе знаходзяцца нафтабазы і паліўныя тэрміналы, пачаліся моцныя пажары.
Кіеў звычайна пазьбягае камэнтароў пра такія інцыдэнты, але ўсё часьцей зьвяртаецца да нанясеньня ўдараў па расейскай энэргетычнай інфраструктуры, галоўным чынам па нафтавых аб’ектах, з дапамогай уласных бесьпілётнікаў, каб зьменшыць запасы паліва расейскіх вайскоўцаў і каб адбіць поўнамаштабнае ўварваньне.
Губэрнатар Растоўскай вобласьці Расеі Васілій Голубеў заявіў, што ў выніку нападаў бесьпілётнікаў, якія выклікалі пажар у Азове, пацярпелых няма. Як і рызыкі распаўсюду агню.
МНС Расеі апублікавала відэа пажару і паведаміла, што загарэўся паліўны бак аб’ёмам 5000 кубамэтраў.
Украіна зазнае пастаянныя атакі расейскіх бесьпілётнікаў і ракетныя ўдары па цывільнай і энэргетычнай інфраструктуры з самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году. Атакі расейскай авіяцыі прывялі да шматлікіх ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і вялізнай матэрыяльнай шкоды па ўсёй краіне, у тым ліку ў сталіцы Кіеве.
Агенцтва Reuters склала сьпіс украінскіх атак на расейскія аб’екты НПЗ у адказ на няспынныя атакі па Ўкраіне:
- 18 чэрвеня — падпаленыя нафтасховішчы на поўдні Растоўскай вобласьці.
- 14 чэрвеня — нядзейны рэзэрвуар паліва ў Варонескай вобласьці.
- 6 чэрвеня — Навашахцінскі НПЗ у Растоўскай вобласьці.
- 20 траўня — Славянскі НПЗ, новая атака.
- 18 траўня — тэрмінал нафтапрадуктаў «Импортпищепрома» ў чарнаморскім порце Новарасійск аднавіў пагрузку паліва пасьля прыпыненьня працы ў выніку атакі бесьпілётніка днём раней, сьведчаць галіновыя крыніцы і дадзеныя LSEG.
- 17 траўня — другая атака на Туапсінскі НПЗ.
- 12 траўня — Валгаградзкі НПЗ, які мае вытворчую магутнасьць каля 300 тысяч барэляў на дзень.
- 10 траўня — НПЗ «Первый завод» у Калускай вобласьці. Яго ж атакавалі і 15 сакавіка.
- 9 траўня — комплекс «Газпром нафтахім Салават» у Башкартастане спыніў устаноўку каталітычнага крэкінгу. У 2023 годзе вытворчасьць Салавацкага НПЗ склала 130 000 барэляў у суткі. Прадпрыемства займаецца нафтаперапрацоўкай, нафтахіміяй і ўгнаеньнямі.
- 1 красавіка — НПЗ «Танеко». У 2023 годзе ён перапрацоўваў 340 600 барэляў сырой нафты за дзень, што робіць яго трэцім па аб’ёме сярод расейскіх НПЗ пасьля Омску і Кірышаў.
- 23 сакавіка — Куйбышаўскі НПЗ. У 2023 годзе ён перапрацоўваў 73 700 барэляў нафты ў дзень.
- 18 сакавіка — Славянскі НПЗ. Яго магутнасьць складае каля 100 000 барэляў за дзень.
Форум