Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну празь Беларусь вярнуўся яшчэ адзін 16-гадовы падлетак, якога незаконна вывезьлі ў Расею


Незаконна вывезеных з Украіны дзяцей вывозяць і ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» і праводзяць перавыхаваньне. Ілюстрацыйнае фота
Незаконна вывезеных з Украіны дзяцей вывозяць і ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» і праводзяць перавыхаваньне. Ілюстрацыйнае фота

Сьвятаслава шукаў ягоны старэйшы брат, украінскі вайсковец.

Для вяртаньня хлопца задзейнічалі дыпляматычныя ўстановы Ўкраіны ў Беларусі і Польшчы, а таксама Ўкраінскую сетку за правы дзяцей.

Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны, да іх зьвярнуўся Ільля, вайсковец Узброеных сіл Украіны, які паведаміў аб вывазе свайго малодшага брата Сьвятаслава ў Расею з часова акупаванага Лісічанску.

«Бацькоў у хлопцаў няма, а брата з часовай акупаванай тэрыторыі ў Расею вывезьлі сваякі. Сьвятаслаў вельмі хацеў вярнуцца ва Ўкраіну, але самастойна зрабіць гэтага ня мог. Доўгі час старэйшы брат Ільля спрабаваў сам яго вярнуць і тэлефанаваў у розныя інстанцыі», — адзначаецца ў паведамленьні.

18 чэрвеня браты змаглі сустрэцца ўжо ва Ўкраіне. Улады сьцьвярджаюць, што хлопца было вельмі цяжка вярнуць, бо гэтаму працэсу перашкаджала ягоная родная цётка, якая яго вывезла і пасьпела аддаць у расейскую школу.

Гэта ня першы выпадак вяртаньня ва Ўкраіну незаконна вывезеных у Расею дзяцей. Летась улады Ўкраіны змаглі вярнуць дадому ўкраінскага падлетка Багдана Ярмохіна, якому пасьпелі выдаць расейскі пашпарт.

Што вядома пра вываз украінскіх дзяцей

Згодна з апошнімі афіцыйнымі зьвесткамі Ўкраіны, Расея незаконна вывезла з часова акупаваных тэрыторый 19 546 украінскіх дзяцей.

Ва Ўкраіне гэтыя дзеяньні кваліфікуюць як ваенныя злачынствы, што адпавядае вызначэньню генацыду паводле ААН. У Маскве заяўляюць, што «абараняюць неабароненых дзяцей ад жахаў зоны баявых дзеяньняў».

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах, зьвязаных з выкраданьнем украінскіх дзяцей. Крэмль гэтыя абвінавачаньні адкідае.

Летась 16 лістапада Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у сыстэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны», якая дакумэнтуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны ў Беларусь.

Спасылаючыся ў тым ліку на зьвесткі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», арганізацыя вызначыла, што сама меней 2442 дзіцяці ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразьлівых групаў, з 17 гарадоў Украіны перамясьцілі ў прынамсі 13 установаў Беларусі з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 году. Пры гэтым 2050 украінскіх дзяцей трапілі ў беларускі лягер «Дубрава».

Перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Пуціным пры «падтрымцы спэцслужбаў Расеі і Беларусі», у тым ліку СК РФ і «ўнутраных войскаў Беларусі».

У сьнежні 2023 году віцэ-прэм’ерка Ўкраіны ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук заявіла, што Ўкраіна распрацоўвае мэханізмы прыцягненьня Пуціна і Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны вываз дзяцей.

«Мы пабачылі ўжо першыя крокі ўсясьветнай супольнасьці — Пуцін і Львова-Бялова атрымалі ордэры на арышт, а таксама бачым сытуацыю вакол Чырвонага Крыжа ў Беларусі й іншыя сыгналы для дыктатараў Беларусі і Расеі. Але мэханізмы сапраўды выпрацоўваюцца», — паведаміла Ірына Верашчук.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG