Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі падлетак, якога расейцы вывезьлі з Марыюпалю, празь Беларусь вярнуўся ва Ўкраіну. ВІДЭА

абноўлена

Багдан Ярмохін зь сястрой
Багдан Ярмохін зь сястрой

У дзень яго 18-годзьдзя ўкраінскія ўлады паведамілі пра вяртаньне Багдана Ярмохіна на радзіму.

Пра тое, што Багдан Ярмохін сустрэўся са сваёй сястрой і ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны, паведаміў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Ён апублікаваў здымак Багдана Ярмохіна зь сястрой на мяжы зь Беларусьсю. Менавіта ў Беларусь малады ўкраінец трапіў пасьля таго, як знаходзіўся ў Маскоўскай вобласьці Расеі. На здымку відаць бел-чырвона-белы сьцяг, які ўкраінскія памежнікі павесілі на сваім памежным пункце пры мяжы з Рэспублікай Беларусь.

Ярмак падзякаваў за «зладжаную працу» камандам Офісу і Ўпаўнаважанаму ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітрыю Лубінцу.

Таксама ён падзякаваў «партнэрам зь дзяржавы Катар і міжнароднай арганізацыі UNICEF».

Багдан Ярмохін, сірата з Марыюпалю, пасьля акупацыі гораду расейскімі войскамі спачатку трапіў у акупаваны Данецк, а пасьля яго вывезьлі ў Маскоўскую вобласьць Расеі, дзе аддалі пад апеку расейскай сям’і.

Ярмохіну аформілі расейскае грамадзянства, але ён захаваў грамадзянства Ўкраіны.

Сірата неаднаразова заяўляў, што хоча вярнуцца ва Ўкраіну, дзе яго законным прадстаўніком можа выступіць дарослая сястра. У сакавіку ён спрабаваў уцячы ва Украіну празь Беларусь, але яго затрымалі.

Расейскія ўлады матывавалі гэта тым, што ён, будучы непаўналетнім, ня можа сам вырашаць, дзе жыць. Гісторыя Ярмохіна набыла рэзананс пасьля таго, як падлетку прыйшла позва з патрабаваньнем стаць на ўлік у вайсковы камісарыят Расеі. А гэта азначае тое, што вывезенага з Марыюпалю падлетка могуць патэнцыйна прызваць у расейскае войска на вайну супраць ягонай радзімы.

Ярмохін зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай дапамагчы яму вярнуцца на радзіму.

Вываз украінскіх дзяцей зь Украіны

Ярмохін быў адным з тысяч украінскіх дзяцей, вывезеных у Расею з акупаваных рэгіёнаў Украіны. Гэтая практыка падштурхнула Міжнародны крымінальны суд у сакавіку абвінаваціць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Львову-Бялову ў зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў.

Суд у Гаазе, Нідэрланды, выдаў ордэры на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай, заявіўшы, што знайшоў «разумныя падставы меркаваць», што яны адказныя за незаконную дэпартацыю і перадачу дзяцей з Украіны.

Крэмль адхіліў гэтыя ордэры.

Ў пачатку 2023 года Ярмохін спрабаваў самастойна вярнуцца дадому. У красавіку Львова-Бялова паведаміла журналістам, што расейскія ўлады схапілі Ярмохіна каля мяжы Расеі зь Беларусьсю на шляху ва Ўкраіну.

Перад тым, як яму было дазволена пакінуць Расію, адвакатка Баброўская распавяла пра вострую неабходнасць вяртання Ярмохіна ва Украіну да яго 18-годдзя, калі ён павінен быў быць прызваны ў расейскае войска. Падлетак двойчы атрымліваў позву ў ваенкамат у Расеі, аднак потым чыноўнікі заявілі, што яго выклікалі толькі для ўліку.

У мінулым месяцы ўпаўнаважаны па правах чалавека Украіны Дзьмітрый Лубінец паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што агулам ва Украіну з Расеі вярнулі 386 дзяцей. «Украіна будзе працаваць, пакуль не верне ўсіх на радзіму», — падкрэсьліў Лубінец.

Саўдзел Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей

16 лістапада Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ельскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у сыстэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны», якая дакумэнтуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Спасылаючыся ў тым ліку на зьвесткі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», арганізацыя ўстанавіла, што сама меней 2 442 ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразьлівых групаў, былі перамешчаныя з 17 гарадоў Украіны прынамсі ў 13 установаў Беларусі за пэрыяд з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 году. Пры гэтым 2 050 украінскіх дзяцей трапілі ў беларускі лягер «Дубрава».

Перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Пуціным пры «падтрымцы спэцслужбаў Расеі і Беларусі», у тым ліку СК РФ і «ўнутраныя войскі Беларусі».

Раней каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) прадставіла ў Страсбуры справаздачу «Роля рэжыму Лукашэнкі і саюзнай дзяржавы ў незаконным перамяшчэньні і перавыхаваньні дзяцей з Украіны», паведаміў 9 мая кіраўнік арганізацыі, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка.

Паводле яго, дакумэнт зьмяшчае «звыш 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў». Ён быў складзены з «улікам прынятых 27 красавіка рашэньняў ПАРЭ, звароту Вярхоўнай Рады Ўкраіны, за які аднагалосна прагаласавалі 3 траўня, заключэньня АБСЭ, прынятага 4 траўня».

«Для нас важна акрэсьліць неабходнасьць вызначэньня ролі Лукашэнкі як ваеннага злачынца за дзеяньні, якія парушаюць Жэнэўскую канвенцыю 1949 году», — падкрэсьліў Латушка.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG