Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЭФА завяла ўжо дзьве справы за палітычныя акцыі на чэмпіянаце Эўропы


Прыхільнік зборнай Альбаніі, які жэстам рук дэманструе сымбаль краіны — чорнага арла
Прыхільнік зборнай Альбаніі, які жэстам рук дэманструе сымбаль краіны — чорнага арла

Турнір праходзіць у Нямеччыне і не абыходзіцца без палітычных правакацый.

У цэнтры ўвагі апынуліся заўзятары зь дзвюх краін — Сэрбіі і Альбаніі. Агляд пачаўся пасьля матчу Сэрбія — Ангельшчына, які скончыўся зь лікам 0:1. Абвінавачаньні тычацца кіданьня на поле пабочных прадметаў і дэманстрацыі «правакацыйнага паведамленьня, недарэчнага для спартовага мерапрыемства».

Акрамя таго, інспэктар этыкі і дысцыпліны УЭФА правядзе расьсьледаваньне меркаваных дыскрымінацыйных паводзінаў сэрбскіх заўзятараў.

Скаргу падала Фэдэрацыя футболу Косава, незалежнасьці якога Сэрбія не прызнае. Касавары сьцьвярджаюць, што сэрбскія заўзятары распаўсюджваюць «палітычныя, шавіністычныя і расісцкія паведамленьні», у тым ліку размахваючы сьцягам з выявай Косава як часткі Сэрбіі. На матчы сэрбскія фанаты шматразова крычалі «Косово jе Србиjа» (Косава — гэта Сэрбія).

Акрамя таго, сэрбскія фанаты масава дэманстравалі на матчы расейскія сьцягі. Зборная Расеі адлучаная ад міжнароднага футболу за вайну гэтай дзяржавы супраць Украіны.

Другое расьсьледаваньне таксама тычыцца шавінізму і тэрытарыяльных спрэчак. Там ужо тэрыторыя Косава была ўключаная ў мапу так званай «Вялікай Альбаніі» — шавіністычнага праекту альбанскіх нацыяналістаў. На мапе, якую дэманстравалі асобныя альбанскія заўзятары, відаць «уключаную» ў склад «Вялікай Альбаніі» частку тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі.

Акрамя таго, на першым паядынку зборнай Альбаніі супраць каманды Італіі гучалі некаторыя нацыяналістычныя скандаваньні і сустракалася сымболіка UÇK (Арміі вызваленьня Косава), названай ААН тэрарыстычнай арганізацыяй.

Імаверна, футбольныя фэдэрацыі абедзьвюх краін — і Сэрбіі, і Альбаніі, — чакаюць вялікія штрафы за падобныя паводзіны заўзятараў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG