Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі колькасьць зьнішчаных з пачатку вайны караблёў Чарнаморскага флёту Расеі


Сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітро Плецянчук. Архіўнае фота
Сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітро Плецянчук. Архіўнае фота

Украіна зь сярэдзіны 2023 году пачала актыўна атакаваць дронамі і ракетамі расейскія вайсковыя аб’екты ў анэксаваным Крыме і ў акваторыі Чорнага мора.

Ва Ўкраіне заявілі, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ўкраінскае войска зьнішчыла або пашкодзіла траціну Чарнаморскага флёту Расеі.

«Афіцыйна 28, яшчэ больш за 10 адзінак у іх былі ў рамонце. Але шмат з караблёў, якія цяпер у іх у шэрагах, таксама атрымалі пашкоджаньні. Напрыклад, два фрэгаты, «Адмірал Эсэн» і «Адмірал Макараў». Значная частка караблёў праціўніка ўжо пазнаёміліся і з дронамі, і з ракетамі. І некаторыя зь іх ужо была адноўленыя. Некаторыя стаяць на рамонце дагэтуль, некаторыя яшчэ доўга будуць стаяць праз сур’ёзныя пашкоджаньні», – сказаў сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітро Плецянчук у інтэрвію ўкраінскаму агенцтву РБК-Україна.

Паводле яго, трэцюю частку «вывелі з шэрагаў дакладна, зьнішчылі і пашкодзілі».

Дзьмітро Плецянчук дадаў, што прыярытэтнай цэльлю для ўкраінскіх войскаў зьяўляюцца караблі-ракетаносьбіты, бо гэта фактычна адзіныя караблі, якія могуць уплываць на Ўкраіну. «Іншыя для нас цяпер не нясуць пагрозы», – дадаў ён.

Сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны ўдакладніў, што цяпер на ўзбраеньні застаецца 8 ракетаносьбітаў, тры зь іх зьнішчылі.

«Расейцы, у прынцыпе, маглі б абстрэльваць нават з Касьпію. Але яны цудоўна разумеюць, што сысьці – гэта паказаць слабасьць, гэта капітуляцыя. І вось яны дзеля сваіх імпэрскіх «пантоў» тут гатовыя паміраць. Ня будзем ім перашкаджаць», – сказаў Дзьмітро Плецянчук.

Украіна зь сярэдзіны 2023 году пачала актыўна атакаваць дронамі і ракетамі расейскія вайсковыя аб’екты ў анэксаваным Крыме і ў акваторыі Чорнага мора.

У Расеі страты ў Чарнаморскім флёце не камэнтуюць.

Ва ўмовах вайны праверыць заявы абодвух бакоў зь незалежных крыніц немагчыма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG