Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск: завоз беларускіх «айцішнікаў» у Польшчу дапамог стварыць «замежную агентуру»


Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск скрытыкаваў сваіх папярэднікаў ва ўрадзе — партыю «Права і справядлівасьць» — за іміграцыйную палітыку.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х Туск напісаў:

«І яшчэ раз. Яны завезьлі СОТНІ ТЫСЯЧ мігрантаў з Азіі і Афрыкі (заадно зарабляючы грошы на візах), а таксама расейскіх і беларускіх „айцішнікаў“, дапамагаючы ствараць замежную агентуру. Гэта хочуць прыкрыць расісцкай прапагандай. Яны разьлічваюць на кароткую памяць і гучнасьць свайго крыку».

Пра візавы скандал у Польшчы стала вядома ў верасьні мінулага году, калі партыя «Права і справядлівасьць» яшчэ была ва ўладзе. Скандал прыцягнуў асаблівую ўвагу грамадзтва, бо спрошчаная выдача візаў групам грамадзян замежных краінаў за грошы ішла насуперак афіцыйнай рыторыцы кіроўнай партыі аб узмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі.

Сьцьвярджаецца, што за атрыманьне візаў грамадзянамі такіх краін, як Пакістан і Банглядэш, трэба было заплаціць каля 5 тысяч даляраў. Пры гэтым сьледзтва не агучвала лічбу ў сотні тысяч віз. Пакуль гаворка пра менш як 1000.

Камісія па расьсьледаваньні візавага скандалу таксама спрабуе ўстанавіць, ці маглі замежнікі, якія маюць дачыненьне да сэрыі дывэрсіяў у Польшчы, трапіць у краіну па візавай праграме Poland. Business Harbour. У рамках гэтай праграмы ў Польшчу маглі прыяжджаць на працу беларускія IT- спэцыялісты. Паведамлялася, што грамадзянам Беларусі ў рамках гэтай праграмы Польшча выдала 93 тысяч візаў.

У канцы траўня ў Польшчы па падазрэньні ў дывэрсійнай дзейнасьці і працы на расейскую выведку затрымалі дваіх грамадзян Беларусі і аднаго паляка. Іх падазраюць у плянаваньні падпалаў у гандлёвых цэнтрах, рэстаранах, будаўнічых складах. Польскія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што група дзейнічала па заданьні Галоўнага ўпраўленьня выведкі Расеі, за кожную дывэрсію ім належала ўзнагарода ў памеры 10 тысяч эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG