Расея не была запрошаная на канфэрэнцыю, ня браў удзелу ў ёй і Кітай. Шэраг краін, якія ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі, таксама не падпісалі камюніке — у прыватнасьці Саудаўская Арабія, Індыя, Бразылія, Паўднёвая Афрыка, Інданэзія, Тайлянд, Мэксыка і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Агулам дакумэнт падпісалі 80 краінаў і 4 міжнародныя арганізацыі
У камюніке ўдзельнікі саміту нагадваюць пра рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, якія асудзілі расейскую агрэсію. Яны пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць да прынцыпаў абароны сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці любых дзяржаў, у тым ліку Ўкраіны, у міжнародна прызнаных межах.
Таксама ў камюніке адзначаецца згода ўдзельнікаў саміту па некалькіх аспэктах:
- Па-першае, украінскія атамныя электрастанцыі і ўстаноўкі, у тым ліку Запароская атамная электрастанцыя, павінны працаваць бясьпечна, пад поўным сувэрэнным кантролем Украіны, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі МАГАТЭ і пад яго назіраньнем. «Любыя пагрозы або прымяненьне ядзернай зброі ў кантэксьце вайны супраць Украіны недапушчальныя», — гаворыцца ў дакумэнце.
- Па-другое, для падтрыманьня глябальнай харчовай бясьпекі трэба гарантаваць бясьпеку гандлёвага суднаходзтва ў Чорным і Азоўскім морах, лічаць удзельнікі саміту. Напады на гандлёвыя судны і цывільныя гандлёвыя парты непрымальныя, і харчовая бясьпека не павінна выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах.
- Па-трэцяе, усе ваеннапалонныя павінны быць вызваленыя праз абмен «усіх на ўсіх». «Усе дэпартаваныя і незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці, а таксама ўсе іншыя ўкраінскія цывільныя асобы, якія былі незаконна затрыманы, павінны быць вернуты ва Украіну», — гаворыцца ў дакумэнце.
У камюніке зазначаецца, што дзяржавы і арганізацыі, якія падпісалі яго, гатовы ў будучым прыкладаць канкрэтныя намаганьні, каб дасягнуць гэтых мэтаў.
Напярэдадні саміту кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін ва ўльтыматыўнай форме прапанаваў Украіне ўмовы перамоваў, якія цалкам супярэчаць украінскай формуле міру. Ён запатрабаваў ад Ўкраіны ня толькі адмовіцца ад уваходжаньня ў NATO, але і вывесьці войскі з украінскай тэрыторыі: Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей, якія Расея абвясьціла сваёй тэрыторыяй.
«Прызнаны новыя тэрытарыяльныя рэаліі. Статус Крыму, Севастопаля, ДНР, ЛНР, Херсонскай і Запароскай абласьцей як субʼектаў РФ. Гэта павінна быць зафіксавана ў выглядзе фундамэнтальных міжнародных дамоўленасьцей. Натуральна, гэта прадугледжвае зьняцьце ўсіх заходніх санкцый з Расеі», — заявіў Пуцін.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў прапановы Пуціна «адраджэньнем нацызму».
«Ён хоча, каб мы адмовіліся ад нашых акупаваных тэрыторый, але ён таксама хоча і нашых неакупаваных тэрыторый. Ён расказвае пра рэгіёны нашай краіны і ня мае намеру спыняцца. Замарожанага канфлікту ня будзе,» — сказаў Зяленскі ў інтэрвію італьянскаму тэлеканалу Sky TG24.
Форум