Першапачаткова плянавалася, што работы ў касьцёле пачнуцца ў першым квартале 2024 году.
«У дзяржаўнай экспэртызы былі заўвагі да праекту, таму зараз дакумэнтацыя дапрацоўваецца. Калі будзе атрымана станоўчае заключэньне, тады і пачнуцца работы», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак, перадае «Смартпрэс».
Цяпер парафіяльная дзейнасьць супольнасьці Чырвонага касьцёла адбываецца ў Архікатэдральным саборы Найсьвяцейшага Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9).
- У ноч на 26 верасьня 2022 году ў Чырвоным касьцёле адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасьля якога ўлады абвясьцілі, што далей эксплюатаваць будынак небясьпечна і ён мае патрэбу ў рамонце.
- 26 верасьня 2022 году касьцёл, які наведвалі каля 10 тысяч вернікаў, закрылі для наведваньня. З таго часу практычна ніякіх работ у храме не праводзілі.
- У кастрычніку 2023 году намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран заявіў, што «рэканструкцыя храма вядзецца па пляне, работы не спыняліся ні на адзін дзень», а таксама што «падрыхтавалі праектную дакумэнтацыю і ў першым квартале 2024 году павінны пачацца работы ў будынку», пасьля завяршэньня якіх прымуць рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла. Тое ж паўтарыла ў лістападзе адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску. Пасьля гэтага ніякай новай інфармацыі афіцыйныя органы не агучвалі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
Форум