Пра гэта сам Андрэй Гнёт паведаміў 13 чэрвеня ў сацсетках і папрасіў максымальнага міжнароднага розгаласу і прававой падтрымкі.
Гнёт і ягоныя абаронцы ўжо пачалі рыхтаваць апэляцыйную скаргу на рашэньне Вышэйшага суду Сэрбіі, расказаў рэжысэр «Люстэрку». Да моманту яе разгляду і набыцьця рашэньнем законнай моцы Гнёт застанецца пад хатнім арыштам.
«На працягу трох дзён мы павінны падаць скаргу ў апэляцыйны суд, для таго каб гэтае рашэньне спыніць. І калі апэляцыйны суд яе прыме, то будзе прызначана слуханьне, каб гэтае рашэньне аспрэчыць», — патлумачыў рэжысэр.
У рашэньні Вышэйшага суду Сэрбіі гаворыцца, што Андрэй Гнёт павінен быць выдадзены «органам правасудзьдзя Беларусі за зьдзяйсьненьне крымінальнага злачынства ў справе аб укрываньні падаткаў і наўмысным заніжэньні выплачаных падаткаў, уключаючы ўнясеньне ў падатковую дэклярацыю заведама лжывых зьвестак, што прывяло да шкоды ў асабліва буйных памерах паводле ч. 2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь».
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заклікала спыніць экстрадыцыю Андрэя Гнёта ў Беларусь:
«Толькі што было абвешчана, што Высокі суд Бялграда прыняў рашэньне экстрадаваць актывіста Андрэя Гнёта ў Беларусь, дзе яму непазьбежна пагражаюць катаваньні і працяглы турэмны тэрмін за мірную дзейнасьць. Мы не здадзімся ў барацьбе за ягонае жыцьцё. Усе нашы рэсурсы задзейнічаныя. Я заклікаю ўсіх падтрымаць нашу барацьбу і спыніць гэтае грубае парушэньне правоў чалавека», — заявіла Ціханоўская.
З кастрычніка 2023 году Андрэй Гнёт знаходзіўся ў сэрбскай турме, 6 чэрвеня яго перавялі пад хатні арышт да вынясеньня рашэньня суду.
Перасьлед Андрэя Гнёта
- Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён быў у Бялградзе пад вартай.
- Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
- У сьнежні 2023 году суд першай інстанцыі ў Сэрбіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але 12 сакавіка 2024 году Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне і адправіў справу на перагляд.
- У канцы лютага Інтэрпол заблякаваў зьвесткі Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
- Пазасудовая калегія ў Бялградзе падчас паседжаньняў 26 сакавіка і 1 красавіка разгледзела справу аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Яго пакінулі пад вартай да вынясеньня рашэньня суду.
- Калі Андрэй Гнёт быў пад вартай у цэнтральнай турме ў Бялградзе стан ягонага здароўя значна пагоршыўся. У лісьце ад 11 траўня 2024 году Гнёт пісаў, што ягоная левая ступня часткова паралізаваная з красавіка і ён не атрымлівае належнай мэдычнай дапамогі.
- 6 чэрвеня яго перавялі пад хатні арышт да вынясеньня рашэньня суду.
Форум