41-гадовы беларускі рэжысэр і журналіст Андрэй Гнёт выйшаў з Цэнтральнай турмы Бялграда — яго перавялі пад хатні арышт. Свабода паразмаўляла зь беларусам, каб высьветліць падрабязнасьці ягонага турэмнага жыцьця, акалічнасьці справы аб экстрадыцыі і разгляду яе ў судах Сэрбіі.
— Андрэй, вас перавялі пад хатні арышт. Як вашае здароўе ў дадзены момант?
— Я трымаюся. У мяне было пекла, але ў параўнаньні з тымі пакутамі і выпрабаваньнямі, якія перажываюць людзі ў беларускіх турмах, у мяне гэта была «рэпэтыцыя пекла».
Зьявіліся праблемы са здароўем. Пакуль ня ведаю, што гэта за праблемы. 14 красавіка ў мяне здарыўся частковы параліч левага ступака бязь нейкіх прычынаў. Я два дні спрабаваў атрымаць доступ да лекараў. У турме не было адпаведнага абсталяваньня, патрабавалася адправіць мяне на абсьледаваньне за межы турмы. Такім чынам, дагэтуль праблема ня вырашылася, і мяне на сёньня ніхто больш не глядзеў. Цяпер баляць калена і лагво, проста таму, што я хаджу няправільна, адну нагу падцягваю.
Турма нанесла мне істотную шкоду фізычную і псыхалягічную. У бывалых крымінальнікаў турэмныя ўмовы былі лепшыя за мае.
Мой быт у турме? Я выпадкова купіў імбрык, і ён быў адзіны на ўвесь паверх. Але да іх [іншых вязьняў] прыходзілі на адкрытыя наведваньні сваякі, блізкія. У мяне такіх не было. Блізкіх сваякоў у Бялградзе я ня маю, бо судзьдзя забараняла мне сустракацца з кім-небудзь яшчэ. Адна дзяўчына была, якая наведвала мяне, але апошні раз гэта здарылася 29 сьнежня, а потым яна пакінула Бялград — і ўсё, да мяне больш ніхто не прыходзіў.
Я быў практычна ў ізаляцыі. Бо сэрбы ў турме не гавораць ні па-расейску, ні па-беларуску, а на ангельскую яны пераключаліся неахвотна. Але я вытрымаў гэта. Я ня сам, і мяне гэта падтрымлівала. Сотні людзей змагаліся за мяне, кожны імкнуўся ўкласьці нейкую лепту ў маё вызваленьне. Многія спыніліся, здаліся, зьняверыліся. А я працягваю. Ну вось такі я «дурань», працягваю змаганьне. Упасьці долу я пасьпею заўсёды, гэта лёгка. Змагацца, упарціцца цяжэй, але гэта слушны шлях.
Мне дапамагала вера ў Сусьвет, у Бога, у сяброў, у праўду. Цяпер у мяне ёсьць плян А, плян Б і нават плян Ж.
— У якім вы статусе цяпер?
— У статусе юрыдычнага казусу. Маё ўтрыманьне пад вартай заўсёды падаўжалі, а затым Апэляцыйны суд Сэрбіі ўказаў Вярхоўнаму суду на тое, што Інтэрпол даўно заблякаваў інфармацыю пра мяне. Тады суд той інстанцыі заявіў, што цяпер я затрыманы паводле міждзяржаўнага пагадненьня «аб аказаньні прававой дапамогі» паміж урадамі Беларусі і Сэрбіі.
— Цяпер вы пад хатнім арыштам. Ці азначае гэта, што справа аб экстрадыцыі набліжаецца да заканчэньня?
— Я знаходжуся пад хатнім арыштам у чаканьні рашэньня суду. А слуханьні ўжо адбыліся 26 сакавіка і 1 красавіка — кожнае па 4 гадзіны. Я прадастаўляў шмат дакумэнтаў, падрыхтаваў аб’ёмную прамову. Крымінальная справа супраць мяне сфабрыкаваная, і мне пагражае пакараньне, якое ўжо прысудзілі Бяляцкаму, Бабарыку…
Пракурор Загароўскі, які ў Беларусі рыхтаваў на мяне дакумэнты, на мой арышт, знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, а менавіта Рады Эўропы, з 2010 году — яшчэ за папярэднія выбары. Якім чынам цывілізаваная дзяржава Сэрбія сьлепа шануе тыя дакумэнты, якія падпісвалі «падсанкцыйныя» асобы? Пытаньне.
Першага красавіка я і мае адвакаты паказалі нашу пазыцыю. І з таго часу мы проста чакаем. Ніякіх тэрмінаў ня вызначана. Рашэньне можа быць заўтра, а можа быць і праз тры месяцы.
— Чаго вы самі чакаеце ў дадзеным становішчы?
— Калі два сэрбскія суды вырашаць, што мяне трэба экстрадаваць, тады міністар юстыцыі, безумоўна, падпіша гэты дакумэнт. А сэрбскія суды супярэчаць адзін аднаму, парушаюць уласныя ж законы. І я не кажу пустое: калі сэрбскі суд 7 сьнежня 2023 году выносіў пастанову аб маёй экстрадыцыі, ён насуперак законам Сэрбіі нават ня слухаў ні мяне, ні маіх абаронцаў.
Мы падалі апэляцыю, і Апэляцыйны суд 19 лютага прызнаў, што суд ранейшай інстанцыі вынес незаконнае рашэньне.
Я ня сэрб, я не знаёмы зь мясцовымі звычаямі і традыцыямі, ня ведаю, у якія палітычныя гульні гуляе Сэрбія. Я ня ведаю, якой разьменнай манэтай я магу стаць. Небясьпека па-ранейшаму застаецца вельмі высокай.
Перасьлед Андрэя Гнёта
- Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён быў у Бялградзе пад вартай.
- Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды зьехаў пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
- У сьнежні 2023 году суд першай інстанцыі ў Сэрбіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але 12 сакавіка 2024 году Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне і адправіў справу на перагляд.
- У канцы лютага Інтэрпол заблякаваў зьвесткі Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
- Пазасудовая калегія ў Бялградзе падчас паседжаньняў 26 сакавіка і 1 красавіка разгледзела справу аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Яго пакінулі пад вартай да вынясеньня рашэньня суду.
Форум