Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Смачны“ кавалак у цэнтры, могуць і разбурыць». Што будзе з будынкамі былой «Валадаркі»


Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка») у 2025 годзе адзначыць 200-годзьдзе. Нядаўна ўсіх вязьняў адтуль перавялі ў новы сьледчы ізалятар у прыгарадзе.
Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка») у 2025 годзе адзначыць 200-годзьдзе. Нядаўна ўсіх вязьняў адтуль перавялі ў новы сьледчы ізалятар у прыгарадзе.

Зьявілася інфармацыя, што на месцы знакамітага СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага разьмесьціцца Нацыянальны гістарычны музэй. Вядомы дасьледчык дасавецкага Менску таксама прапануе зрабіць там музэй, але іншы.

У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову памешчыка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталя, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрога з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка»).
Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка»).

Знакамітыя вязьні: ад Дунін-Марцінкевіча і Коласа да Пілсудзкага і Дзяржынскага

У вязьніцы ўтрымлівалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў. На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў негалосную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут было СІЗА № 1.

З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.

Музэй тэрору? Гатэль? Грамадзка-культурны цэнтар з рэстарацыяй і пякарняй?

Прыкладна з 1998 году ў Менску вяліся размовы пра тое, каб збудаваць новае СІЗА і перадаць замак гораду. Толькі ў 2008-м, пасьля таго як адна зь вежаў замка абвалілася, пастанавілі збудаваць новы сьледчы ізалятар у Калядзічах.

Будоўля новага СІЗА пачалася ў 2010-м, але зацягнулася амаль на паўтара дзясятка гадоў. І толькі ўвесну 2024-га сядзельцаў з «Валадаркі» перасялілі ў новыя карпусы ў прыгарадзе сталіцы.

За гэты час было шмат прапановаў, што далей рабіць з замкам. Хтосьці прапаноўваў зрабіць штосьці кшталту музэю тэрору, хтосьці — ператварыць былую вязьніцу ў экзатычны гатэль з нумарамі-камэрамі.

У 2017 годзе грамадзкая ініцыятыва «Менская ўрбаністычная плятформа» арганізавала хакатон «Будучыня Пішчалаўскага замку».

Архітэктары і дызайнэры прадставілі чатыры праекты. Пераможцам журы назвала каманду, якая прапанавала стварыць на месцы «Валадаркі» грамадзка-культурны цэнтар і максымальна захаваць аўтэнтычнае аблічча комплексу. Меркавалася, што там зьявіцца музэй і выставачны комплекс, «інстытут» — месца, дзе будуць працаваць навукоўцы, будзе адкрытая прастора, рэстаран, бібліятэка і нават пякарня.

На «Валадарку» можа пераехаць Гістарычны музэй

Нядаўна зьявілася інфармацыя, што на тэрыторыі Пішчалаўскага замка можа разьмясьціцца Нацыянальны гістарычны музэй, якому даўно ўжо цесна ў будынку на вуліцы Карла Маркса. У 2017 годзе разглядаўся варыянт будоўлі новага музэйнага комплексу на праспэкце Пераможцаў, насупраць стэлы «Менск — горад-герой». Зьявіўся нават эскіз — канцэптуальны фасад ці то са «слуцкімі паясамі», ці то з ручнікамі, а хтосьці наагул убачыў краты зь «сеткі-рабіцы».

Аднак, паводле архітэктараў, для Гістарычнага музэю на праспэкце Пераможцаў аказалася мала месца.

І вось цяпер зноў вярнуліся да праблемы пашырэньня Нацыянальнага гістарычнага музэю — на тэрыторыі Пішчалаўскага замка. Беларускі гісторык, аўтар дасьледаваньняў пра дасавецкі Менск Захар Шыбека выступае супраць такой прапановы.

«Ідэю стварыць там філіял Нацыянальнага гістарычнага музэю я не падтрымліваю, таму што гэта будзе прыніжэньне такога гістарычнага сымбалю, які Пішчалаўскі замак. Гэты замак, альбо „Валадарка“, павінен стаць асобным сымбалем для беларускага народу», — перакананы гісторык.

На думку дасьледчыка, найперш замак неабходна захаваць, магчыма, закансэрваваць да лепшых часоў. Захар Шыбека дапускае, што яго могуць і разбурыць.

«Тым больш гэта такі „смачны“ кавалак зямлі ў цэнтры гораду, таму могуць і разбурыць. Самае сумнае — помнік архітэктуры няма каму абараняць, калі такое адбудзецца. Таму ў скрайнім выпадку комплекс можна закансэрваваць — не рабіць пакуль нічога. А калі рэстаўраваць, то як мага бліжэй да таго першапачатковага праекту, які быў увасоблены архітэктарам Казімерам Хрышчановічам», — перакананы гісторык.

«Музэй расейскага панаваньня»

Паводле Шыбекі, уся неабходная праектная дакумэнтацыя ёсьць у гісторыкаў, архітэктараў, асабліва шмат дакумэнтаў мае дасьледчык гісторыі Менску Ўладзімер Дзянісаў. Спэцыялісты знойдуцца, галоўнае — каб была магчымасьць, мяркуе ён.

«Вядома, аптымальны для мяне варыянт — пасьля рэстаўрацыі Пішчалаўскі замак павінен стаць асобным музэем ахвяр расейскага нацызму, расейскага панаваньня ў Беларусі, пачынаючы ад паўстаньня 1831 году і да сучаснасьці. Менавіта расейскага, бо расейцы ператварылі Беларусь у турму. Мы не былі свабоднымі ад Расеі. Калі гэтую ідэю ажыцьцявіць, гэта было б вельмі важным менавіта для разуменьня расейскага панаваньня ў Беларусі», — адкрэсьлівае Захар Шыбека.

Такіх музэяў, на яго думку, павінна быць шмат — у кожнай дзяржаве, якая была пад уладай расейскіх бальшавікоў. Шыбека ўзгадаў іншыя музэі: ахвяр германскага нацызму ў Асьвенціме, Бухэнвальдзе, а таксама віленскія Лукішкі. І адзначыў, што музэяў ахвяр расейскага бальшавізму няма, а такі музэй абавязкова павінен быць у Беларусі.

«Лепей за ўсё, каб музэй адлюстроўваў даваенны час, вярнуць ранейшы выгляд, бо ў пасьляваенны адбылася мадэрнізацыя — гэта аднаўляць ня варта. Перадаць атмасфэру турмы, аднавіць камэры, мэмарыяльны пакой з фатаздымкамі ахвяраў. Архітэктура першапачатковая павінна быць захаваная. А хвалі рэпрэсій можна адлюстраваць у асобных будынках — там жа ня толькі замак, але і карпусы. Двор вялікі, можна аднавіць нейкія забудовы», — разважае дасьледчык.

Аднак рэалізаваць гэтую ідэю пакуль наўрад ці магчыма, мяркуе Шыбека.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG