Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі са збройным канфліктам. Але новаўвядзеньні палепшаць і становішча беларусаў. Сярод іншага вырашаецца праблема з прызнаньнем атэстатаў аб адукацыі.
Адна з паправак прадугледжвае, што атэстат, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала пагадненьні з Польшчай аб прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі, можна будзе пацьвердзіць у Польшчы. Гэта тычыцца дакумэнтаў аб пачатковай, няпоўнай сярэдняй, сярэдняй адукацыі, у тым ліку прафэсійнай.
Раней пацьвердзіць атэстат такім чынам – праз адміністрацыйную працэдуру ў Польшчы – маглі толькі асобы, якія атрымалі статус уцекача або дадатковую абарону, і члены іхных сем’яў, а таксама асобы, якія пацярпелі ў выніку ўзброеных канфліктаў, стыхійных бедзтваў і іншых гуманітарных крызісаў.
Беларусь прыпыніла пагадненьне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сфэры адукацыі ў лютым 2023 году.
На пачатку траўня 2024 году зьявілася інфармацыя, што беларускім выпускнікам ускладнілі паступленьне за мяжу. Паведамлялася, што Дэпартамент кантролю якасьці адукацыі перастаў выдаваць абітурыентам даведкі для паступленьня ў замежныя ВНУ.
У Мінадукацыі спасылаліся ня толькі на «новы» ўказ, якога ніхто ня бачыў, але і на ўказ Лукашэнкі № 200 ад 2010 году. Там у 6-м разьдзеле прыводзіцца шэраг дакумэнтаў, якія могуць выдаваць дзяржаўныя органы на падставе заяваў грамадзянаў у сфэры адукацыі. Такой даведкі, якую патрабуюць польскія вучэльні, у пераліку няма.
Форум