Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Каго выбралі эўрапейцы? І як гэты выбар можа паўплываць на Беларусь? Тлумачыць дасьледчык Страсбурскага ўнівэрсытэту


Яўген Крыжаноўскі, каляж
Яўген Крыжаноўскі, каляж

Якія наступствы для Эўропы будзе мець посьпех ультраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт? Як новая расстаноўка сілаў у гэтай інстытуцыі можа паўплываць на палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі? Чаму прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў датэрміновыя выбары ў Нацыянальны Cход?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае доктар палітычных навук, дасьледчык Страсбурскага ўнівэрсытэту Яўген Крыжаноўскі.

— Чаму сёлета была такая ўвага да выбараў у Эўрапарлямэнт (ЭП)? І чым выклікана адносна высокая яўка на гэтыя выбары?

— Шмат у якіх краінах ЭЗ вельмі канфліктная сытуацыя паміж уладай і апазыцыяй. У большасьці краінаў гэтая кампанія была нацыянальнай. Шмат у якіх краінах Зьвязу ёсьць незадавальненьне ўрадамі: гэта выклікана і эканамічнымі праблемамі, і пытаньнем міграцыі. Гэтая незадаволенасьць была прычынай такой цікавасьці да выбараў.

— На выбарах у ЭП значнага посьпеху дасягнулі крайне правыя партыі. У прыватнасьці, у Францыі, дзе вы жывяце, яны нават перамаглі (праўда, адносна). Ці памянялі кардынальна вынікі гэтых выбараў прапорцыі, суадносіны сілаў у Эўрапарлямэнце?

— Паводле вынікаў галасаваньня, узмацніліся кансэрватыўныя сілы — і ўльтраправыя, але і Эўрапейская народная партыя (ЭНП), а гэта правацэнтрысцкая, клясычная кансэрватыўная сіла. ЭНП павялічыла колькасьць мандатаў і засталася ў адноснай большасьці, у якой была і ў папярэднім складзе ЭП. Сацыялісты будуць на другім месцы, яны страцяць два ці тры мандаты. Шмат страцяць лібэралы, але, паводле папярэдніх падлікаў, яны застаюцца трэцяй паводле колькасьці фракцыяй у ЭП.

А ўжо за імі ідуць дзьве палітычныя групы ўльтраправых. Гэта група кансэрватараў-рэфармістаў, дзе рэй вядзе прэм’ерка Італіі Джорджа Мэлёні, і група «Ідэнтычнасьць», ядро якой складаюць францускія ўльтраправыя. Нават калі скласьці разам мандаты гэтых крайне правых групаў, гэта 135 галасоў з 720-ці. Калі гэтыя групы абʼяднаюцца і калі да іх далучыцца пэўная колькасьць незалежных дэпутатаў, яны могуць стаць трэцяй ці нават другой паводле колькасьці сілай. Але ня першай. Большасьці ў іх ня будзе ў любым выпадку.

— На тле посьпеху крайне правых у Францыі прэзыдэнт Эманюэль Макрон распусьціў Нацыянальны Сход і абвясьціў датэрміновыя выбары. Ці не паўтораць крайне правыя свой посьпех і на нацыянальных выбарах?

— У Францыі шмат дыскусіяў наконт гэтага рашэньня прэзыдэнта. Яно было даволі нечаканым для многіх. Перад выбарамі Макрон казаў, што ня будзе абвяшчаць датэрміновыя выбары ў Нацыянальны Сход. Ён казаў, што эўрапейскія выбары павінны мець эўрапейскія наступствы. Але насамрэч наступствы гэтых выбараў — і нацыянальныя таксама. І ў Францыі гэта справакавала палітычны крызіс. Ці мае Макрон шанцы на перамогу ягонай палітычнай сілы на парлямэнцкіх выбарах 30 чэрвеня? Яму падаецца, што французы на нацыянальных выбарах ня будуць галасаваць так, як на эўрапейскіх. У Францыі галасаваньне на выбарах у ЭП заўсёды было значна больш пратэставае, чым на нацыянальных.

Макрон заклікае электарат да адказнасьці і спадзяецца, што галасаваньне 30 чэрвеня будзе іншае, чым 9 чэрвеня. Ён можа прайграць нацыянальныя выбары, але і ўльтраправыя могуць не здабыць посьпеху на іх з прычын асаблівасьцяў нацыянальнай мажарытарнай выбарчай сыстэмы Францыі. Мой прагноз — у новым парлямэнце ў Макрона ня будзе большасьці. У яго і цяпер яе няма. Але і ў крайне правых яе ня будзе. Яны могуць павялічыць сваё прадстаўніцтва, але ня стануць большасьцю.

— Некаторыя ўльтраправыя партыі Эўропы падтрымліваюць сувязі зь беларускім рэжымам. Напрыклад, дэлегацыя «Альтэрнатывы для Нямеччыны» летась наведвала Беларусь на запрашэньне Алега Гайдукевіча. Некаторыя з гэтых партыяў выступаюць супраць санкцыяў адносна Расеі і Беларусі. Посьпех ультраправых на выбарах у ЭП — ці можа ён прывесьці да зьмены палітыкі ЭЗ адносна Беларусі? Яны не перамаглі, і санкцыі ўводзіць і скасоўвае не ЭП.

— У кароткатэрміновай пэрспэктыве на палітыку ЭЗ гэта наўрад ці паўплывае. Сапраўды, ультраправыя не перамаглі на выбарах у ЭП, дый не ЭП вызначае санкцыйную палітыку. Але тут ёсьць дзьве рызыкі. Калі гэтая дынаміка будзе працягвацца і падчас нацыянальных выбараў, то ўльтраправыя могуць узмацніць свой уплыў на нацыянальным узроўні, а тады можа мяняцца і рэальная палітыка, санкцыйная ў тым ліку. Другая рызыка — гэта сымбалічныя акцыі, скажам, візыты ўльтраправых парлямэнтароў у Беларусь. І гэта будзе крыху легітымізаваць беларускі рэжым на эўрапейскай арэне.

— Адзін з асноўных пунктаў праграмаў крайне правых — змаганьне зь міграцыяй. Адна з крыніцаў яе — штучны міграцыйны крызіс, які беларускі рэжым учыняе на межах Эўразьвязу. Новы расклад у ЭП — ці можа ён наўпрост ці ўскосна прывесьці да таго, што палітыка ЭЗ адносна Менску стане значна больш жорсткай?

— У Заходняй Эўропе пра міграцыйны крызіс з боку Беларусі гаварылі даволі шмат у 2021 годзе. Пасьля таго пра гэта амаль не гаварылі. Тут калі гавораць пра міграцыйную праблему, найперш маюць на ўвазе міграцыю з Афрыкі празь Міжземнае мора ці пра міграцыю з Азіі праз поўдзень Эўропы. Прынамсі, у Францыі падчас перадвыбарчых дэбатаў пытаньне мігрантаў, якія трапляюць празь Беларусь, не ўзьнімалася наагул.

— Нягледзячы на тое, што ЭП ня мае шырокіх паўнамоцтваў, выбары ў яго — своеасаблівае апытаньне, замер тэмпэратуры грамадзкай думкі. Макрон кінуў пальчатку «крайне праваму павароту». Ці магчыма, што ў іншых краінах цэнтрысцкія сілы пойдуць насустрач гэтаму павароту?

— Гэты працэс насамрэч адбываецца ўжо шмат гадоў. Але гэта зьвязана ня столькі з эўрапейскімі выбарамі, колькі з нацыянальнымі. Скажам, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя партыі могуць рабіцца вельмі антыміграцыйнымі. Напрыклад, сацыял-дэмакраты ў Даніі сталі ў гэтым пытаньні нават больш жорсткімі, чым правыя радыкалы. Мы бачым, што ў Нідэрляндах, Швэцыі, Фінляндыі ўльтраправыя ўваходзяць ва ўрадавыя кааліцыі. І яны ўплываюць на палітыку гэтых урадаў. І што цікава — гэтая тэндэнцыя пачалася з паўночнай Эўропы, якая заўжды лічылася вельмі прагрэсіўнай і прамігранцкай. Даволі доўга існавала меркаваньне, што асноўная рызыка ўльтраправага павароту ўласьцівая краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Цяпер гэтая рызыка вышэйшая ў такіх краінах, як Бэльгія, Францыя і Аўстрыя.

— Ня ўсе крайне правыя сілы ў Эўропе выступаюць за скарачэньне ці спыненьне дапамогі Ўкраіне, за мір на ўмовах Крамля. Але многія, калі не пераважная частка іх, маюць менавіта такую пазыцыю. Ці могуць вынікі выбараў у ЭП істотна памяняць ці скарэктаваць палітыку Эўразьвязу ў гэтым пытаньні?

— Пакуль ультраправыя не перамаглі на нацыянальных узроўнях, я ня бачу вялікай рызыкі зьмены палітыкі ЭЗ адносна Ўкраіны. Але паўтаруся — усё будзе залежаць ад дынамікі электаральных перавагаў, якая будзе пасьля гэтых эўрапейскіх выбараў.

— Як у сьвятле вынікаў выбараў у ЭП выглядаюць пэрспэктывы пашырэньня ЭЗ, у прыватнасьці, уступленьня ў яго Ўкраіны і Малдовы?

— Крайне правыя партыі традыцыйна супраць пашырэньня Эўразьвязу. Калі яны стануць больш уплывовымі на нацыянальным узроўні, то гэта ўскладніць шлях да Эўразьвязу для Ўкраіны, Малдовы і Грузіі. У Эўрапарлямэнце ўльтраправыя могуць падтрымаць кансэрватараў, калі тыя выступяць супраць пашырэньня ЭЗ. Але самі па сабе ўльтраправыя няшмат змогуць зрабіць нават у ЭП.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG