Камісія па расьсьледаваньні візавага скандалу спрабуе ўстанавіць, ці маглі замежнікі, якія маюць дачыненьне да сэрыі дывэрсіяў у Польшчы, трапіць у краіну па візавай праграме Poland. Business Harbour (PBH), паведамляюць польскія мэдыя са спасылкай на агенцтва PAP.
Па ініцыятыве дэпутаткі Сэйму Аляксандры Лео камісія накіруе запыт у Міністэрства юстыцыі і Генэральную пракуратуру Польшчы з просьбай прадставіць інфармацыю пра падазраваных у падрыхтоўцы дывэрсіяў у Польшчы. У прыватнасьці, камісію цікавіць, ці былі ў затрыманых іншаземцаў візы, атрыманыя ў рамках праграмы Poland. Business Harbour.
У канцы траўня ў Польшчы па падазрэньні ў дывэрсійнай дзейнасьці і працы на расейскую выведку затрымалі дваіх грамадзян Беларусі і аднаго паляка. Іх падазраюць у плянаваньні падпалаў у гандлёвых цэнтрах, рэстаранах, будаўнічых складах. Польскія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што група дзейнічала па заданьні Галоўнага ўпраўленьня выведкі Расеі, за кожную дывэрсію ім належала ўзнагарода ў памеры 10 тысяч эўра.
- У пачатку чэрвеня ў Польшчы арыштавалі 26-гадовага грамадзяніна Беларусі. Паводле сьледзтва, ён кіраваў групоўкай з 30 чалавек, якая незаконна перапраўляла людзей у ЭЗ па праграме Poland Business Harbour. Ім удалося арганізаваць незаконнае перасячэньне мяжы Польшчы для сама меней 2000 чалавек.
- Праграму Poland. Business Harbour запусьцілі ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спэцыялістаў і тэхналягічныя кампаніі з постсавецкіх краін, перш за ўсё зь Беларусі.
- У верасьні 2023 году ў Польшчы разгарэўся візавы скандал: Генпракуратура Польшчы правяла расьсьледаваньне і выявіла шматлікія факты незаконнай выдачы візаў па праграме Poland. Business Harbour. Былі арыштаваныя сама меней 7 чалавек, адзін з намесьнікаў міністра замежных спраў Польшчы пайшоў у адстаўку. Гаворка ішла перш за ўсё пра незаконную выдачу візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі.
- З 26 студзеня 2024 году Польшча закрыла праграму Poland. Business Harbour. МЗС краіны заявіла, што яна не апраўдала надзеяў. Таксама ўзьнікалі сумневы ў мэтавым выкарыстаньні візаў. За час дзеяньня праграмы Польшча выдала больш за 93 тысячы візаў PBH, але зь верасьня 2020 па 20 лістапада 2023 году ў Польшчу ўехалі толькі 13 259 уладальнікаў такіх візаў, або толькі каля 15% ад усіх, хто іх атрымаў.
Форум