Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн выбачыўся перад Зяленскім за затрымку дапамогі і абвясьціў пра новы пакет падтрымкі


Прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі і Джо Байдэн, Парыж, 7 чэрвеня 2024
Прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі і Джо Байдэн, Парыж, 7 чэрвеня 2024

Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Джо Байдэн і Ўладзімір Зяленскі сустрэліся ў Парыжы на сьвяткаваньні 80-годзьдзя пачатку высадкі войскаў ЗША і Вялікай Брытаніі ў Нармандыі падчас Другой сусьветнай вайны.

Байдэн падчас сустрэчы абвясьціў пра новы пакет падтрымкі Ўкраіны, адначасова прэзыдэнт ЗША выбачыўся за затрымку дапамогі.

Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN.

«Вы не скарыліся, не саступілі, вы працягваеце выдатна змагацца — і мы не зьбіраемся сыходзіць ад вас, — сказаў Байдэн украінскаму прэзыдэнту. — Я прашу прабачэньня за некалькі тыдняў, калі мы ня ведалі, што будзе зь фінансаваньнем, таму што ў нас былі праблемы з прыняцьцём законапраекту, які мы павінны былі прыняць. Некаторыя нашыя вельмі кансэрватыўныя чальцы Кангрэсу затрымлівалі яго, але мы зрабілі гэта».

Байдэн абвясьціў пра дадатковае фінансаваньне, накіраванае ва Ўкраіну пасьля таго, як ён у красавіку падпісаў законапраект аб замежнай дапамозе, у тым тым ліку і Ўкраіне.

«З таго часу, у тым ліку і сёньня, я абвясьціў пра шэсьць пакетаў значнага фінансаваньня. Сёньня я падпісваю дадатковы пакет на 225 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю электрычных сетак Украіны», — сказаў ён.

Зяленскі падчас сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША заявіў:

«Вельмі важна, каб вы заставаліся з намі. Двухпартыйная падтрымка Кангрэсу — гэта вельмі важна, каб у гэтай еднасьці Злучаныя Штаты Амэрыкі, увесь амэрыканскі народ заставаўся з Украінай, як гэта было падчас Другой сусьветнай вайны. Злучаныя Штаты дапамаглі выратаваць чалавечыя жыцьці, выратаваць Эўропу».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG