Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У складзе экіпажу зьбітага ў студзені каля Белгарада Іл-76 быў беларус. Што пра яго вядома


Рэшткі транспартнага Іл-76, у якім загінуў Ігар Саблінскі, ураджэнец Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Рэшткі транспартнага Іл-76, у якім загінуў Ігар Саблінскі, ураджэнец Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Ігар Саблінскі стаў чацьвёртым загінулым пілётам, які паходзіў зь Беларусі і ваяваў на баку Расеі.

Транспартны самалёт Іл-76 пацярпеў крушэньне сёлета 24 студзеня ў Белгарадзкай вобласьці. Тады расейскія ўлады назвалі катастрофу Іл-76 тэрактам і абвінавацілі Ўкраіну ў яго зьбіцьці.

Расейцы сьцьвярджалі, што на гэтым самалёце перавозілі 65 украінскіх палонных для заплянаванага на той дзень абмену. Тады праз падзеньне самалёта абмен скасавалі, але дагэтуль у Расеі не абнародавалі вынікі дасьледаваньня знойдзеных на месцы падзеньня чорных скрынь і не перадалі Ўкраіне доказы знаходжаньня на яго борце ўкраінскіх вайскоўцаў.

Цяпер і ў Расеі, і ва Ўкраіне па фактце катастрофы Іл-76 вядуць крымінальнае расьсьледаваньне.

Увесь экіпаж загінуў

Экіпаж самалёта складаўся з 6 асобаў. У яго склад уваходзіў бартавы радыст Ігар Саблінскі. Ён паходзіць зь Беларусі — нарадзіўся ў Віцебску.

Членаў экіпажу доўга не маглі ідэнтыфікаваць. Афіцыйная цырымонія разьвітаньня з экіпажам адбылася толькі 8 лютага.

Яшчэ тры чальцы экіпажу: штурман Аляксей Высокін, камандзір Станіслаў Бяззубкін і бортінжынэр Андрэй Пілуеў
Яшчэ тры чальцы экіпажу: штурман Аляксей Высокін, камандзір Станіслаў Бяззубкін і бортінжынэр Андрэй Пілуеў

Выданьне «Южный Урал» са спасылкай на прадстаўніка каманднага складу 117-га вайскова-транспартнага авіяпалка Арэнбургу паведаміла, што целы экіпажу «зьбіралі па фрагмэнтах».

«Пакуль целы па полі рассыпаныя, ідзе збор фрагмэнтаў», — цытавала выданьне прадстаўніка палка празь пяць дзён пасьля катастрофы.

Ён жа расказаў, што гэты экіпаж быў «зьлятаны» — выконваў задачы і ў Сырыі, і ў Казахстане, і на тушэньні пажараў у Турэччыне.

Для старшага прапаршчыка Ігара Саблінскага гэта мусіў быць ці не апошні палёт — пасьля 30 гадоў службы ён падаў дакумэнты аб выхадзе на пэнсію па ўзросьце.

Нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і лётчыка

Ігар Саблінскі нарадзіўся ў Віцебску 6 верасьня 1969 году. У Беларусі яго і пахавалі, аднак дакладнае месца пахаваньня публічна не ўдакладнялі.

Грамадзянская жонка радыста Юлія Шукшына, зь якой яны рыхтаваліся да вясельля, паведаміла, што бацькі Ігара Саблінскага памерлі, калі яму было 20 гадоў.

Паводле яе, Ігар пайшоў вучыцца на пілёта адразу пасьля школы.

«Ён спрабаваў сябе ў іншых сфэрах, але заўсёды казаў, што лятаць — адзінае, што сапраўды падабаецца і чым ён хоча займацца. Пайшоў шляхам бацькі, які таксама быў лётчыкам», — расказала яна мясцовым журналістам.

У сям’і Саблінскіх было чацьвёра дзяцей — Ігар, ягоная сястра-блізьня і малодшыя сястра і брат.

У першым шлюбе Ігар Саблінскі меў дачку Арыну.

Дачка прыйшла на разьвітаньне з бацькам у ягоным кіцелі

Арына Саблінская, дачка загінулага радыста ад першага шлюбу, жыве ў Арэнбургу. Яна вучылася ў мясцовым унівэрсытэце на юрыдычным факультэце.

На цырымонію разьвітаньня, якая праходзіла ў спартова-культурным комплексе «Арэнбуржа» 8 лютага, паводле мясцовых выданьняў, прыйшлі «тысячы жыхароў Арэнбургу».

Цырымонія разьвітаньня з загінулым экіпажам Іл-76, 8 лютага 2024, Арэнбург. Фота прэсавай службы ўраду Арэнбурскай вобласьці
Цырымонія разьвітаньня з загінулым экіпажам Іл-76, 8 лютага 2024, Арэнбург. Фота прэсавай службы ўраду Арэнбурскай вобласьці

Усе труны былі закрытыя, а на іх ляжалі расейскія сьцягі. На гэтую цырымонію прыбыў камандуючы вайскова-транспартнай авіяцыяй Расеі Ўладзімір Бенедыктаў, які ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды сваякам загінулых лётчыкаў. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб іх пасьмяротным узнагароджаньні ордэнамі Мужнасьці за тое, што адвялі падбіты самалёт ад населенага пункту.

Ордэн Мужнасьці Саблінскага атрымала ягоная дачка.

Якія яшчэ ўзнагароды меў пры жыцьці

Ігар Саблінскі меў кваліфікацыйную катэгорыю «бартавы спэцыяліст першай клясы», старшы паветраны радыст. Ён працаваў і інструктарам маладых лётчыкаў. У небе правёў больш за 6 тысяч гадзін.

Як паведаміла «Новоорская газета», «за мужнасьць, адвагу і самаахвярнасьць» ён быў узнагароджаны мэдалём Несьцерава (дзяржаўная расейская ўзнагарода, названая ў гонар вайсковага лётчыка Пятра Несьцерава, які ўпершыню ў практыцы баявой авіяцыі выкарыстаў таран, загінуў у 1914 годзе. — РС), мэдалямі «За адзнаку ў вайсковай службе» усіх ступеняў, «За вайсковую доблесьць» 2 і 1 ступені, «Удзельнік ваеннай апэрацыі ў Сырыі» і «За ўмацаваньне баявой садружнасьці».

З пачатку вайны ўключылі ў базу «Міратворац»

Ігар Саблінскі разам зь іншымі сваімі калегамі па экіпажы пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны трапіў у базу «Міратворац» як «удзельнік расейска-беларускай ваеннай агрэсіі» і «саўдзельнік злачынстваў расейскай улады супраць Украіны і яе грамадзян».

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны 10 сакавіка 2022 году ідэнтыфікавала Ігара Саблінскага як вайскоўца 117-га асобнага транспартнага авіяпалка, які дастаўляў зброю і боепрыпасы для забойства мірных грамадзян Украіны.

Колькі яшчэ пілётаў беларускага паходжаньня ваявалі на баку Расеі і загінулі

Ігар Саблінскі стаў чацьвёртым загінулым лётчыкам, які паходзіў зь Беларусі ваяваў на баку Расеі. Ён другі, каго пахавалі ў Беларусі.

Вядома, што адным зь першых загінуў Раман Гровіч. Ён паходзіў з Кобрыні Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся 16 лютага 1974 году і загінуў у першы ж дзень вайны, 24 лютага 2022-га, пад Кіевам. Раман Гровіч быў камандзірам верталётнага зьвяна, меў званьне маёра. Ягоны верталёт украінцы зьбілі над Кіеўскім вадасховішчам. Зьвестак аб тым, дзе ён пахаваны, няма. У 1995 годзе ён скончыў Сызранскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча.

12 траўня 2022 году ва ўзросьце 67 гадоў загінуў былы беларускі лётчык Мікалай Маркаў. Ён хоць і нарадзіўся ў Расеі, але пахаваны ў горадзе Лідзе Горадзенскай вобласьці (пэўна, меў беларускае грамадзянства). Мікалай Маркаў вучыўся ва Ўкраіне — у 1976 годзе ён скончыў Чарнігаўскае вышэйшае вайскова-авіяцыйнае вучылішча. Служыў спачатку ў Казахстане, а потым у Беларусі — у Паставах і Лідзе. Выйшаў у адстаўку ў званьні палкоўніка авіяцыі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр» у Афрыцы, а потым адправіўся на Данбас. Украінцы зьбілі ягоны самалёт-штурмавік Су-25 над Папаснай у Луганскай вобласьці.

Капітан Ігар Валачылаў, бартавы мэханік расейскага вайсковага самалёта Іл-22, які зьбілі вагнэраўцы ў часе свайго мяцяжу, паходзіў зь Беларусі. Ён нарадзіўся ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці ў сьнежні 1973 году. У 1996 годзе скончыў Стаўрапольскае вышэйшае авіяцыйнае інжынэрнае вучылішча. З 2015 году служыў у вайсковым цэнтры на аэрадроме ў Іванаўскай вобласьці Расеі. Вядома, што да сваёй гібелі ў часе мяцяжу вагнэраўцаў Ігар Валачылаў выконваў «баявыя задачы» на вайне Расеі ва Ўкраіне. Яго пахавалі на гарадзкіх могілках у расейскім горадзе Іванаве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG