Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нанесла новы ўдар па Ўкраіне, у Польшчы празь небясьпеку падымалі зьнішчальнікі


Зьнішчальнік F-16, які знаходзіцца на ўзбраеньні Польшчы і іншых краіны NATO. Ілюстрацыйнае фота
Зьнішчальнік F-16, які знаходзіцца на ўзбраеньні Польшчы і іншых краіны NATO. Ілюстрацыйнае фота

Расея абстрэльвала Ўкраіну крылатымі ракетамі, кіраванымі авіябомбамі і дронамі.

Расея ў ноч на 7 чэрвеня атакавала 9 абласьцей Ўкраіны крылатымі ракетамі і ўдарнымі дронамі і чарговы раз абвінаваціла Ўкраіну ў спробах абстраляць расейскую тэрыторыю.

У Расеі заявілі аб рэкорднай колькасьці дронаў з Украіны

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі аб зьнішчэньні 28 дронаў, запушчаных з Украіны.

Расейскае вайсковае ведамства сьцьвярджае, што іхная супрацьпаветраная абарона змагла перахапіць 11 дронаў над тэрыторыяй Крыму, 8 — над акваторыяй Азоўскага мора, 6 — над тэрыторыяй Краснадарскага краю, два — над Белгарадзкай вобласьцю і адзін — над Растоўскай.

Мясцовыя ўлады гэтых рэгіёнаў пакуль не паведамляюць аб наступствах зьбітых дронаў.

Украіна зьбіла 5 ракет і 48 дронаў. Ёсьць разбурэньні

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, Расея нанесла ўдар па аб’ектах крытычнай інфраструктуры з стратэгічнай авіяцыі і пры дапамозе ўдарных дронаў.

Сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 5 ракет і 48 з 53 запушчаных дронаў. Расея атакавала Днепрапятроўскую, Запароскую, Кіраваградзкую, Мікалаеўскую, Херсонскую, Адэскую, Харкаўскую, Кіеўскую і Хмяльніцкую.

Адначасова расейцы абстралялі Харкаўскую вобласьць кіраванымі авіябомбамі.

У большасьці атакаваных населеных пунктаў пацярпеў прыватны сэктар і жылы фонд. У Кіеўскай вобласьці ў выніку атакі загарэлася прамысловае прадпрыемства, але яго не называюць.

Улады ўкраінскіх рэгіёнаў сьцьвярджаюць, што ахвяр і пацярпелых няма.

Польшча праз актыўнасьць Расеі падымала свае зьнішчальнікі

Другі раз за апошнія сем дзён праз расейскую камбінаваную атаку Польшча разам з краінамі-хаўрусьнікамі вымушана была падняць у паветра свае зьнішчальнікі. Апошні раз іх выкарыстоўвалі 1 чэрвеня.

«Сёньня ўначы назіраецца інтэнсіўная дзейнасьць далёкай авіяцыі Расейскай Фэдэрацыі, зьвязаная з нанясеньнем удараў крылатымі ракетамі, бесьпілётнымі лятальнымі комплексамі Shahed і балістычнымі ракетамі па аб’ектах, разьмешчаных у тым ліку ў заходняй частцы Ўкраіны», — адзначаецца ў паведамленьні апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Польшчы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG