Пра гэта агенцтву PAP паведаміла прэс-сакратарка Галоўнага ўпраўленьня паліцыі Польшчы Катажына Новак.
Паводле яе, рашэньне зьвязана з тым, што Інтэрпол «не дазваляе перадаваць па сваіх каналах даныя адносна дзеяньняў супраць бясьпекі дзяржавы, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы».
Да такіх дзеяньняў, адзначыла Новак, Інтэрпол, згодна з арт. 3 свайго статута, адносіць шпіянаж.
22 траўня Галоўнае ўпраўленьне паліцыі Польшчы атрымала патрабаваньне пракуратуры ўключыць Шмыта ў спіс асоб, якія адшукваюцца Інтэрполам з «чырвоным апавяшчэньнем».
Інтэрпол апісвае «чырвонае апавяшчэньне» як «запыт да праваахоўных органаў краін сьвету аб вызначэньні месцазнаходжаньня і папярэднім арышце асобы ў чаканьні экстрадыцыі, выдачы або аналягічнага прававога дзеяньня».
У Варшаве 55-гадоваму Шмыту выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы.
Шмыт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
- У сярэдзіне траўня Варшаўскі акруговы суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры аб завочным арышце Шмыта на тры месяцы. Паведамлялася, што пасьля гэтага наглядны орган абвесьціць экс-судзьдзю ў вышук на тэрыторыі Польшчы і будзе дамагацца выдачы эўрапейскага ордэра на яго арышт.
- Інфармацыя пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводскага адміністрацыйнага суду Варшавы Шмыт «пакуль неафіцыйна» папрасіў «статус палітычнага ўцекача» ў Беларусі, зьявілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным за тры дні да таго ад яго імя на польскай і рускай мовах.
- Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».
Форум