Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В Коўні на падпольнай тытунёвай фабрыцы затрымалі беларусаў


У верасьні 2023 году ў Літве затрымалі буйную партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт на 3,7 млн эўра.
У верасьні 2023 году ў Літве затрымалі буйную партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт на 3,7 млн эўра.

Пра затрыманьне на падпольнай тытунёвай фабрыцы ў Коўні 11 чалавек, у тым ліку грамадзян Беларусі, паведаміў 22 жніўня намесьнік начальніка Крымінальнага паліцэйскага бюро Літвы Саўлюс Брыгінас.

Па ягоных словах, піша LSM, прадпрыемства працавала каля году. Там выпускаліся падробныя цыгарэты такіх вядомых тытунёвых брэндаў як Marlboro, Camel, Winston, Prince.

Па словах пракурора Ковенскай акруговай пракуратуры Андруса Кюршынаса, дасудовае расьсьледаваньне вядзецца па чатырох артыкулах КК: арганізацыя і ўдзел у злачынным аб’яднаньні; незаконнае захоўваньне акцызных тавараў у асабліва буйным памеры; выкарыстаньне чужога таварнага знаку; выкраданьне дакумэнту.

«Усім падазраваным выбрана мера стрыманьня — заключэньне пад варту тэрмінам на тры месяцы», — сказаў пракурор.

Па дадзеных праваахоўнікаў, затрыманыя за адну зьмену маглі вырабляць да 200 корабаў цыгарэт.

«Падчас ператрусаў і затрыманьняў канфіскаваныя 32 палеты гатовай прадукцыі — каля 459 тыс. пачкаў цыгарэт», — гаворыцца ў публікацыі.

Усяго на фабрыцы было выраблена каля 6,5 млн пачкаў цыгарэт, іх кошт дасягае 30 млн эўра.

Паводле папярэдніх падлікаў, шкода літоўскай дзяржаве з прычыны нявыплаты акцызаў і ПДВ можа складаць 16 млн эўра.

Колькі менавіта грамадзян Беларусі было затрымана, не ўдакладняецца. Аднак праваахоўнікі адзначылі, што ўсе яны на радзіме працуюць на профільным прадпрыемстве.

20 жніўня паведамлялася, што ў аэрапорце Вільні 4 і 7 жніўня былі затрыманыя дзьве партыі кантрабандных цыгарэт, якія прыбылі ў літоўскую сталіцу з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Турэччыны.

1 сакавіка недалёка ад Коўні ў грузавым аўтамабілі было знойдзена больш за 500 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт (коштам 2,3 млн эўра). Цыгарэты былі замаскіраваныя пад груз папяровых ручнікоў, нібыта прызначаны для перавозкі ў Заходнюю Эўропу.

Мытная служба Літвы раней паведамляла, што ў першым паўгодзьдзі 41% кантрабандных цыгарэт, якія ўвозяцца, перахопленыя на мяжы зь Беларусьсю, у той час як за аналягічны пэрыяд 2024-га гэты паказьнік складаў 49%.

Улады краіны зрабілі справаздачу, што за першую палову 2025 года ў Літве затрымана і канфіскавана больш за 805 тыс. пачкаў кантрабандных цыгарэт, дастаўленых зь Беларусі па паветры.

У 2024 годзе і першай палове 2025-га было распачата 20 дасудовых расьсьледаваньняў па фактах перавозкі кантрабанды пры дапамозе мэтэазондаў і дронаў.

«Агулам 34 асобам прад’яўлены абвінавачаньні ў рамках дасудовага расьсьледаваньня такога кшталту. Яшчэ адным значным вынікам гэтага году сталі дзесяць крымінальных спраў, якія цяпер разглядаюцца або ўжо разгледжаныя ў судах», — адзначаў партал навінаў Delfi са спасылкай на літоўскую пракуратуру.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG