Лінкі ўнівэрсальнага доступу

161 чалавека асудзілі ў палітычных крымінальных справах у Беларусі за травень, за 4 гады — сама меней 5133


У Беларусі працягвае захоўвацца крытычна высокі ўзровень рэпрэсіяў у дачыненьні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў, гаворыцца ў аглядзе сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на травень 2024 году, які падрыхтавалі праваабаронцы «Вясны». Сабралі асноўныя лічбы з дакладу.

Вынікі 4 гадоў пасьлявыбарчага перасьледу ў Беларусі, сьцісла ў лічбах:

  • З траўня 2020 году вядома пра сама меней 5133 асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах, прынамсі 40 чалавек зь іх асудзілі завочна.
  • 1410 палітвязьняў знаходзіліся ў месцах пазбаўленьня волі на канец траўня 2024 году, зь іх 173 жанчыны.
  • З траўня 2020 году вызвалілася больш за 1900 палітвязьняў, зь іх 1012 чалавек выйшлі на волю з калёніяў, цалкам адбыўшы свае тэрміны пазбаўленьня волі.
  • Мінімум 2466 чалавек былі асуджаныя за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту паводле арт. 342 і арт. 293 Крымінальнага кодэксу з траўня 2020 году.
  • Палітвязьні працягваюць сутыкацца з перасьледам, ужо адбываючы пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі. Вядома пра сама меней 38 палітвязьняў, на якіх пасьля вынясеньня прысуду заводзілі новыя крымінальныя справы. Мінімум 114 палітвязьням у калёніі выставілі абвінавачаньні ў злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Сама меней 76 палітвязьняў перавялі на турэмны рэжым.
  • Многія палітвязьні сутыкаюцца з праблемамі са здароўем і пераносяць цяжкія хваробы ў зьняволеньні. Па стане на 27 траўня 2024 году праваабаронцам вядома пра сама меней 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх 16 чалавек з інваліднасьцю, 91 чалавек у цяжкім стане здароўя, 65 пажылых людзей (старэйшыя за 60 гадоў, многія зь іх маюць вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з мэнтальнымі разладамі.
  • 23 маладыя чалавекі былі затрыманыя непаўналетнімі. Сярод палітвязьняў 40 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 5 сем’яў, дзе і маці, і бацька знаходзяцца ў зьняволеньні.
  • Прынамсі 8 палітвязьняў доўгі час утрымліваюць у рэжыме інкамунікада: Паліну Шарэнду-Панасюк, Марыю Калесьнікаву, Віктара Бабарыку, Уладзімера Гундара, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і Ігара Лосіка.
  • На цяперашні момант «спэцыяльнае вядзеньне» распачалі ў дачыненьні да прынамсі 106 чалавек, судовы разбор у такіх справах праходзіць без удзелу абвінавачаных — іх судзяць завочна.
  • Актыўна набірае абароты перасьлед людзей за праявы салідарнасьці і дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў, на сёньня вядома пра як мінімум 77 асуджаных за ахвяраваньні паводле арт. 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня») і ў сукупнасьці з арт. 290-1 КК («Фінансаваньне тэрарызму»).
  • Як сьцьвярджае СК Беларусі, «са жніўня 2020 году па ўсёй краіне зьдзейсьнена каля 19 тысяч злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці», за мінулы год іх выявілі каля 5,5 тысячы (у тым ліку за зробленае ў мінулыя гады).

Рэпрэсіі за травень 2024 году:

  • У траўні праваабаронцам стала вядома прынамсі пра 361 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманьняў), зьвязаных з палітычна матываваным крымінальным і адміністрацыйным перасьледам, у тым ліку пра 361 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага разбору ў судзе.
  • Вядома, што па выніках судоў судзьдзі прысудзілі сама меней 46 адміністрацыйных арыштаў і 45 штрафаў.
  • Па палітычна матываваных крымінальных справах, паводле папярэдніх зьвестак, асудзілі сама меней 161 чалавек, у тым ліку 50 жанчын.
  • Праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 46 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 26 чалавек, якія адпавядалі крытэрам прызнаньня палітвязьнямі, але інфармацыя пра іх перасьлед зьявілася толькі пасьля іх вызваленьня.
  • У траўні сама меней 28 палітвязьняў цалкам адбылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі і выйшлі на волю.
  • МУС і КДБ у суме вынесьлі 17 рашэньняў «Аб прызнаньні групы грамадзянаў экстрэмісцкім фармаваньнем і забароне яго дзейнасьці».
  • Сьпіс грамадзян, якія «маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», які вядзе МУС, у траўні папоўніўся на 107 чалавек.
  • Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзе Мінінфармацыі, папоўніўся на 65 рашэньняў судоў, якія ўключаюць ад 1 да 7 адзінак інфармацыйнай прадукцыі. Сярод іх каля 20 Youtube-каналаў і відэа; каля 20 Instagram-старонак; 15 каналаў, чатаў і ботаў у Telegram; 4 акаўнты ў Tik-Tok, 4 старонкі ва УКантакце; 6 старонак у «Одноклассниках» і інш.
  • Адбылося сама меней 270 судовых пасяджэньняў паводле арт. 19.11 КаАП (за распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі).
  • СК завёў крымінальную справу на ўдзельнікаў мірных сходаў, прысьвечаных Дню Волі (25 сакавіка), якія праходзілі ў шэрагу краінаў замежжа. Удзельнікаў акцый абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 361-1 КК), у іх кватэрах праводзяць ператрусы, арыштоўваюць маёмасьць.
  • Перасьлед і ціску з бок сілавікоў працягваюць зазнаваць сямʼі палітвязьняў.
  • Улады працягваюць прызнаваць прадэмакратычныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Так, у траўні такімі прызналі ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасьць» і «FreeInfoBel».
  • Акрамя перасьледу сябраў Каардынацыйнай рады, напярэдадні выбараў яе новага складу КДБ пачаў перасьлед кааліцыяў, якія ўдзельнічалі ў гэтых выбарах. На падставе гэтага ў дачыненьні да 257 чалавек, якія ўваходзяць у склад выбарчых сьпісаў, завялі крымінальную справу.
  • Усё часьцей становяцца вядомымі выпадкі перасьледу грамадзянаў за інтэрвію незалежным мэдыя на падставе абвінавачваньняў у экстрэмізьме. Так, лекара Ўладзімера Мартава затрымалі ў крымінальнай справе аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня за ўдзел у падкасьце і інтэрвію.
  • Праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакумэнтуюць факты ўжываньня катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня ў ходзе расьсьледаваньня палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжаньня ў адміністрацыйным працэсе, а таксама перасьледу і пазбаўленьня волі па палітычных матывах; вязьні пазбаўленыя належнага ўзроўню мэдыцынскага абслугоўваньня.

Поўны агляд сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на травень 2024 году можна пачытаць па спасылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG