Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі аб новай ракетнай атацы Ўкраіны. У Кіеве пацьвердзілі ўдар па Крыме

абноўлена

Вынікі адной з украінскіх атак па нафтабазе ў Бранскай вобласьці Расеі ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Вынікі адной з украінскіх атак па нафтабазе ў Бранскай вобласьці Расеі ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі сьцьвярджаюць, што над акупаваным Крымам зьбілі 13 украінскіх бесьпілётнікаў, аднак дэталяў не паведамляюць.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб зьнішчэньні 13 украінскіх бесьпілётнікаў над акупаваным Крымам, 6 — над Белгарадзкай вобласьцю і адной ракеты «Нэптун» над Растоўскай вобласьцю.

У вайсковым ведамстве не ўдакладнілі пра пацэльваньні і разбурэньні ў выніку зьнішчэньня «ўкраінскай зброі». Аб гэтым паведамілі рэгіянальныя ўлады Расеі.

У Растоўскай вобласьці гарэў завод нафтапрадуктаў

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Васіль Голубеў у 2:24 ночы паведаміў, што «ў выніку атакі БПЛА пачаўся пажар на Навашахцінскім заводзе нафтапрадуктаў».

Паводле яго, тушэньне пажару спынялі з прычыны «паўторнай атакі». А 4-й гадзіне раніцы пажар, які распаўсюдзіўся на 100 квадратных мэтраў, патушылі. Папярэдне, сьцьвярджае Васіль Голубеў, пацярпелых і загінулых няма.

Гэта другая атака Навашахцінскага заводу. У часе першай атакі ў чэрвені 2022 году пашкодзілі тэхналягічнае абсталяваньне для перапрацоўваньня нафты і рэзэрвуары. Уласьнікам гэтага заводу празь некалькі афшорных кампаній была Аксана Марчанка, жонка прарасейскага ўкраінскага палітыка Віктара Медзьведчука, якога спачатку арыштавалі праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе, а потым абмянялі на 200 украінскіх ваеннапалонных.

У Белгарадзкай вобласьці пацярпела нафтабаза

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў а трэцяй ночы паведаміў аб атацы на нафтабазу Старааскольскай гарадзкой акругі. «Чатыры пажарныя разьлікі ачаг узгараньня апэратыўна зьліквідавалі. Выбуховай хваляй выбіла шыбы ў будынку аховы. Пацярпелых няма», — удакладніў ён.

Апроч таго, паводле яго, пад удары двойчы трапіла тэрыторыя сельскагаспадарчага прадпрыемства ў сяле Грускае Барысаўскага раёну. Пацярпела грузавая аўтамабільная тэхніка, ахвяр няма.

У Крыме зьнішчылі расейскі буксір

Расейская адміністрацыя акупаванага Крыму ўвогуле не паведамляе аб наступствах зьбіцьця 13 бесьпілётнікаў.

У эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў паведаміў аб зьнішчэньні ў Крыме яшчэ аднаго расейскага карабля. Пазьней украінская вайсковая выведка апублікавала відэазапіс і паведамленьне аб зьнішчэньні рэйдавага буксіра праекту 498 «Сатурн» або «Пратэй».

У Кіеве заявілі аб расейскіх абстрэлах 11 абласьцей

У Сытуацыйным цэнтры Міністэрства абароны Ўкраіны заявілі, што цягам апошніх содняў расейскія войскі абстралялі тэрыторыю 11 абласьцей.

«Атакавалі 84 населеныя пункты і 168 аб’ектаў інфраструктуры. Ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных, колькасьць ахвяр удакладняецца», — адзначаецца ў паведамленьні.

Ва ўмовах вайны праз адсутнасьць незалежных крыніц немагчыма пацьвердзіць інфармацыю ніводнага з бакоў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG