Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн абвясьціў 6 чэрвеня Нацыянальным днём памяці 80-й гадавіны высадкі саюзьнікаў у Нармандыі


Архіўнае фота. Амэрыканскія вайскоўцы зьбіраюцца каля пункту сувязі на месцы захопленага нямецкага бункера пасьля высадкі каля Сэн-Ляран-сюр-Мэр ў Нармандыі, 7 чэрвеня 1944 году
Архіўнае фота. Амэрыканскія вайскоўцы зьбіраюцца каля пункту сувязі на месцы захопленага нямецкага бункера пасьля высадкі каля Сэн-Ляран-сюр-Мэр ў Нармандыі, 7 чэрвеня 1944 году

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сераду ўвечары абвясьціў 6 чэрвеня 2024 году Нацыянальным днём памяці 80-й гадавіны высадкі войскаў саюзьнікаў у Нармандыі, якая азнаменавала адкрыцьцё Заходняга фронту ў Эўропе ў Другой сусьветнай вайне.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве, апублікаванай Белым домам, піша «Голас Амэрыкі».

«Я заклікаю ўсіх амэрыканцаў адзначыць гэты дзень удзелам у праграмах, цырымоніях і мерапрыемствах, каб ушанаваць памяць тых, хто ваяваў і загінуў дзеля таго, каб іншыя, зусім не вядомыя ім мужчыны і жанчыны, маглі даведацца, што значыць быць вольнымі», — гаворыцца ў заяве.

Як адзначыў Байдэн, у той час у Эўропе бушавала Другая сусьветная вайна і Гітлер кантраляваў большую частку кантынэнту.

«Свабода і дэмакратыя перасьледаваліся па ўсім сьвеце. Але ў гэты дзень на берагах Нармандыі 73 000 амэрыканскіх вайскоўцаў далучыліся да саюзных сіл, каб выканаць адну з найвялікшых вайсковых місій усіх часоў — місію, якая стане вядомая як Дзень Д»«., — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.

У сваёй заяве Байдэн згадаў, як увечары 6 чэрвеня 1944 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт зьвярнуўся да краіны.

«Разумеючы, што лёс вольнага міру знаходзіцца ў яго руках, прэзыдэнт Рузвэльт папрасіў наш народ маліцца за сілу гэтых сьмелых вайскоўцаў, калі яны „ўзяліся за вялікую справу, барацьбу за захаваньне нашай Рэспублікі, нашай рэлігіі і нашай цывілізацыі і за вызваленьне чалавецтва, якое пакутуе“», — адзначаецца ў заяве прэзыдэнта.

У 80-я ўгодкі гэтай даты Байдэн выказаў падзяку гэтым вайскоўцам «за іх мужнасьць і ахвяры» і заклікаў амэрыканцаў «ушанаваць іх гераічнасьць, дзякуючы якой яны вызвалілі кантынэнт і выратавалі сьвет», а таксама «прысьвяціць сябе будучыні, за якую яны змагаліся і за якую многія зь іх загінулі».

«Разважаючы аб ахвярах, прынесеных у Дзень Д, мы нагадваем сабе, што свабода не даецца дарма і ніколі не была гарантаваная. Кожнае пакаленьне павінна заслужыць яе, змагацца за яе і абараняць яе ў барацьбе паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй — паміж прагнасьцю нямногіх і правамі многіх.

Праз 80 гадоў пасьля таго, як сьмелыя пілёты, вайскоўцы берагавой аховы, маракі, салдаты і марскія пехацінцы нашай краіны пачалі высадку ў Дзень Д і калі амэрыканцы паўсюль адгукнуліся на заклік да малітвы і напоўнілі свае сэрцы і дамы надзеяй, мы шануем захаваную імі веру нашу краіну, іхную спадчыну, мы падтрымліваем будучыню, за якую яны загінулі, — будучыню, заснаваную на свабодзе, дэмакратыі, магчымасьцях і роўнасьці для ўсіх», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

  • На досьвітку 6 чэрвеня 1944 года на ўзьбярэжжы паўноча-заходняй Францыі пачалася найбуйнейшая ў сусьветнай гісторыі марская дэсантная апэрацыя. Каб вызваліць Эўропу ад нацысцкай акупацыі, на пляжах Нармандыі высадзілася 156 тысяч жаўнераў антыгітлераўскай кааліцыі.
  • Высадка саюзьнікаў у францускім рэгіёне Нармандыя стала пачаткам вызваленьня ўсёй Заходняй Эўропы ад нацысцкай акупацыі. Яна стартавала амаль на тры тыдні раней, чым апэрацыя «Баграціён», у выніку якой нацысты былі вымушаныя адступіць з тэрыторыі Беларусі, а таксама часткі краін Балтыі і Польшчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG