На досьвітку 6 чэрвеня 1944 года на ўзьбярэжжы паўноча-заходняй Францыі пачалася найбуйнейшая ў сусьветнай гісторыі марская дэсантная апэрацыя. Каб вызваліць Эўропу ад нацысцкай акупацыі, на пляжах Нармандыі высадзілася 156 тысяч жаўнераў антыгітлераўскай кааліцыі. Сярод іх быў і ўраджэнец беларускіх Бялынічаў Хоня Кацман.
Высадка саюзьнікаў у францускім рэгіёне Нармандыя стала пачаткам вызваленьня ўсёй Заходняй Эўропы ад нацысцкай акупацыі. Яна стартавала амаль на тры тыдні раней, чым апэрацыя «Баграціён», у выніку якой нацысты былі вымушаныя адступіць з тэрыторыі Беларусі, а таксама часткі краін Балтыі і Польшчы.
Сьцісла пра высадку войскаў у Нармандыі:
- 6 чэрвеня 1944 году ў гісторыі вядомы як Дзень «Д» (D-Day). Гэта традыцыйная назва пачатку баявых апэрацыяў.
- Асноўную сілу падчас высадкі складалі жаўнеры амэрыканскага, брытанскага і канадзкага войскаў.
- Для апэрацыі быў выбраны 75-кілямэтровы ўчастак пляжу, падзелены на пяць сэктараў — Юта, Амаха, Голд, Джуна і Сорд.
- Пасьля 8-й гадзіны пачалася высадка ў сэктары Джуна, за які адказвала канадзкая армія. Сярод першых жаўнераў, якія сышлі на пляж, быў 22-гадовы беларускі габрэй Хоня Кацман.
Ліст напярэдадні публікацыі
Хоня Кацман памёр у 2017 годзе. Ён быў адным з найстарэйшых вэтэранаў высадкі ў Нармандыі. Ягоную гісторыю мы плянавалі пачаць ад некалькіх сказаў біяграфіі, якую ўдалося знайсьці ў архівах канадзкіх вэтэранскіх арганізацыяў і працягнуць ягонымі ўспамінамі. Але за 15 гадзінаў да публікацыі гэтага тэксту ўсё памянялася. Свабодзе ўдалося пагутарыць зь ягонай дачкой.
Пошук сваякоў Хоні Кацмана заняў амаль тыдзень. Карэспандэнт Свабоды выслаў каля 20 электронных лістоў і столькі ж паведамленьняў у сацыяльных сетках і ўжо страціў надзею атрымаць адказ. У аўторак раніцай яго разбудзіў сыгнал пошты на тэлефоне:
«Добрай раніцы ад Фэй Кацман, дачкі Чэна Кацмана. Чым я магу вам дапамагчы?»
Чэнам Хоню запісалі амэрыканскія іміграцыйныя службы ў Нью-Ёрку, ад поўнага імя Ханаан. Так і засталося. Ліст ягоная дачка пісала зь Лёндану. Яе самалёт з Канады толькі прызямліўся, і праз пару гадзінаў яна мелася працягнуць сваё падарожжа ў Францыю, дзе 75 гадоў таму яе бацька высадзіўся на бераг у складзе канадзкай каралеўскай групы стралкоў. Позна ўвечары Фэй дабралася ў горад Руан у Нармандыі і мы нарэшце змаглі спакойна пагутарыць.
Стралок войскаў Яе каралеўскай Мосьці родам з БССР
Пра «беларускі» пэрыяд жыцьця будучага героя высадкі ў Нармандыі з адкрытых крыніц вядомыя толькі два факты: нарадзіўся ў 1922 годзе ў Бялынічах у сям’і Лэйбы і Двойры Кацманаў, а ў 10 гадоў самастойна прыехаў у Канаду да бацькі. Дзесяць гадоў жыцьця ў адным сказе. Дзякуючы аповеду дачкі пра ягонае жыцьцё ў Беларусі мы цяпер ведаем значна больш.
«Тата нарадзіўся ў Бялынічах, 22 лютага 1922 году. Але гадаваўся ён не ў Бялынічах, — распавядае Фэй. — Недзе ў 1928 годзе ягоны бацька Лэйба ўцёк са сваім братам у Канаду. Там ужо былі дзед і баба майго таты. А сам ён застаўся ў Магілёве з мамай і маленькім братам. Яны чакалі, пакуль Лэйба забярэ іх да сябе. Але мама і брацік памерлі».
Калі гэта здарылася, Хоня дакладна ніколі ўжо ня ўспомніў, як ніколі ня мог прыгадаць імя свайго памерлага брата.
Пасьля сьмерці мамы і брата Хоня жыў паміж Бялынічамі і Магілёвам. Хлопчыка гадавалі ягоныя дзядзькі і баба зь дзедам па кудзелі. Начаваў у таго, у каго было дастаткова ежы да канца тыдня. У Беларусі ён так ніколі і не пайшоў у школу. Сваім дзецям Хоня расказваў, што ягонае дзяцінства прайшло ў пошуках ежы.
«Ён увесь час праводзіў у чэргах. Ня важна, што было на канцы чаргі, але калі там было нешта, што можна было зьесьці, то ён стаяў і чакаў. Абы трохі ежы, каб сям’я не памерла з голаду», — расказвае дачка.
У Беларусі Хоня пражыў да 10 гадоў. У 1932 годзе ягоны бацька забраў сына да сябе ў Канаду. Гэта было нялёгка, бо хлопец жыў у камуністычнай БССР. Паводле дачкі, удалося гэта дзякуючы дапамозе будучага прэм’ера Канады Джона Дыфэнбэйкера. У 1930-я гады ён быў каралеўскім дарадцам і юрыстам у правінцыі Саскачэван, дзе жыў бацька Хоні Лэйба. Дыфэнбэйкэр займаўся працэсам узьяднаньня сям’і.
«Мой тата прыехаў у Канаду сам. Яму было ўсяго 10 гадоў, але ўсё было легальна. Я і сама ня ведаю, як такое было магчыма. Адзіная мова, якую ён ведаў, была расейская. Ён даплыў у Нью-Ёрк, а потым яго пасадзілі ў цягнік у Манрэаль, а пасьля ў чарговы цягнік у прэрыі. І там, у горадзе Прынц Альбэрт, яго сустрэў бацька».
У Саскачэване Хоня ўпершыню пайшоў у школу і пачаў вучыць ангельскую. Займаўся лёгкай атлетыкай, хакеем, баскетболам і футболам. Іграў на клярнэце. Давялося з нуля вучыць ідыш. У Магілёве, прыгадвае бацькавы аповеды Фэі, сям’я вельмі не хацела, каб Хоня размаўляў на ідышы публічна, таму ніколі і не вучыла яго гэтай мове. Размаўляць на ідышы ён навучыўся ў Канадзе, ад дзеда і бабы з боку бацькі — Саламона і Двошы.
Але скончыць школу ён не пасьпеў. У 1939 годзе юнак запісаўся добраахвотнікам у канадзкае войска.
«У Канадзе ягоны бацька Лэйба ізноў ажаніўся, але мачаха ніколі не прыняла Хоню. У 17 гадоў ён пайшоў добраахвотнікам у галоўны рэзэрвовы пяхотны полк канадзкага войска — Royal Regina Rifles. Калі ён прыйшоў у першы дзень, то схлусіў, што яму 18. Маёр, які ведаў ягонага бацьку Лэйбу і пазнаў хлопца, адправіў яго дадому. Але на наступны дзень ён вярнуўся і зноў схлусіў, маўляў, яму ўжо 21. Адзін хлопец тады сказаў: „Табе ж учора было 17“. А ён кажа: — А сёньня мне 21».
Так Хоню Кацмана залічылі ў пяхотны полк.
Перад высадкай
Наступныя гады малады жаўнер правёў на трэніроўках. Спачатку недалёка ад дому, у Саскачэване, потым у Новай Шатляндыі, а затым у Вялікай Брытаніі.
У гэты час ў Магілёве нацысты стварылі гета і зьнішчалі мясцовых габрэяў. Так загінулі дзядзька і цётка Хоні Сямён і ягоная жонка, ягоныя стрыечныя браты і сёстры.
Фэя кажа, што яе бацька ведаў пра лёс габрэяў у Магілёве, што ніхто зь іх не застаўся ў жывых. Гэта, паводле дачкі, яшчэ больш матывавала яго быць жаўнерам канадзкай арміі.
Перад адпраўкай у Францыю ўсім жаўнерам сказалі, што толькі адзін зь дзесяці хлопцаў зможа гэта зрабіць. Калі яму ды іншым далі магчымасьць адступіць, ніхто гэтага не зрабіў.
Дзень «Д»
У канадзкіх вэтэранскіх арганізацыях захаваліся ўспаміны Хоні Кацмана пра высадку ў Нармандыі.
«У нас было некалькі бутэлек рому. Мы перадавалі іх па ланцугу і кожны рабіў глыток. Так мы ўсё і выпілі. Сорамна казаць, але на бераг мы сышлі нападпітку. Немцы пачалі страляць па нас яшчэ перад тым, як мы пачалі высадку на бераг. Затым адчыніліся вялізныя дзьверы — яны нібыта ўпалі, і ўсе пабеглі. Я і мой партнэр павінны былі быць першымі. Мы павінны былі ўзяць бангалорскія тарпэды (падрыўны зарад, прызначаны для стварэньня праходаў у драцяных загародах або мінных палях. — РС), але нейкі хлапец выхапіў іх і пабег, каб быць героем. Яго забілі яшчэ да таго, як ён пакінуў дэсантны карабель. Некаторыя кінуліся яму памагаць, але пакуль мы разабраліся, што адбываецца, там ужо была гара целаў. Мы павінны былі трапіць на пляж. Я рушыў улева і зрабіў каля дваццаці крокаў. Кожны раз, калі я ўставаў, падаў. Я ня ведаў, чаму. Мяне тады паранілі ў нагу».
Кацман ня мог устаць, ня мог бегчы, ня мог хадзіць. Адзіны спосаб, які яму заставаўся каб манэўраваць, гэта поўзаць або чакаць пакуль яго штурхане хваля. Разам зь ёю ён падцягваўся далей. Схавацца Хоня вырашыў у кратэры пасьля нямецкай бомбы.
«І, халера яго бяры, я амаль гэта зрабіў. Але выбухнуў вялікі снарад і аскепак трапіў мне ў вочы. Гэта зьбіла мяне з панталыку. Я ня ведаў, што да чаго, бо мой сябра, які прыйшоў з другой хваляй, заўважыў мяне. Ён думаў, што я загінуў, узяў маю газавую накідку, якая абараняе ад хімічнай зброі, і накрыў мяне ёю. Нечакана ўсё сьціхла. Я ляжаў сярод мёртвых целаў. І раптам чую размову, гаварылі па-ангельску. Людзі хадзілі навокал і здымалі гадзіньнікі зь нябожчыкаў, пярсьцёнкі, каштоўныя рэчы. Калі я іх пачуў, то падняў голас і сказаў — сюды, сюды. Прыбеглі, і адзін мужчына кажа: «Ён жывы».
Хоню Кацмана забралі на насілках і занесьлі на маленькую лодку, каб пераправіць на вялікі карабель. Калі яны плылі, то над імі праляцеў нямецкі самалёт і скінуў тры бомбы. Лодка пачала напаўняцца вадою. Але Кацмана пасьпелі занесьці на іншы карабель.
«У вадзе я пабачыў людзей без галавы, бяз рук, без нагі. Адзін зь іх праплыў побач, і мне здалося, што я яго часткова пазнаў. Я падняў яго і, вядома ж, гэта быў хлопец, якога я ведаў. Гэта былі хлопцы, якія б аддалі сваё жыцьцё за вас, а вы аддалі б сваё жыцьцё за іх».
У групе Кацмана было 150 чалавек. Да вечара жывымі засталіся толькі 48.
На беразе канадцы ўжо пасьпелі захапіць у палон нямецкіх вайскоўцаў. Сярод немцаў былі мэдыкі. Да аднаго зь іх Хоня зьвярнуўся на ідышы.
«Я кажу яму: „Спачатку ты перавяжаш маіх людзей“. А ён адказаў: „Не, ня буду“. Тады я кажу: „І мяне таксама. Я габрэй, і ты будзеш рабіць тое, што я табе скажу“. Каля мяне стаяў індзеец, і ён параіў: „Вазьмі вінтоўку, прыцэлься ў яго, і калі ён скажа „nein“, то забі гэтага гада, нават ня думай“. А немцу страшна, ён увесь трасецца. І потым ён кажа: „О’кей, о’кей“. Раптам загаварыў і па-ангельску».
Немец перавязаў параненую нагу Кацмана. Потым была яшчэ адна кантузія, у выніку якой да канца жыцьця ў Хоні была праблема са слыхам.
«Я там заўсёды быў пякельна напалоханы. Не было нікога, хто б ня быў. І калі нехта некалі сказаў, што ён там не баяўся, то гэта хлусьня, усе былі як абаср... шыся. Усе былі напалоханыя. Мы ніколі раней не былі ў такой сытуацыі. Часам кажуць: «Памёр за караля і краіну». Але адзін пра аднаго большасьць з нас клапаціліся самі. Бо калі ты ўратаваў жыцьцё хлопцу каля цябе, то ён потым уратуе тваё. Маё жыцьцё залежала ад наступнага хлопца. А кароль і краіна... Іх там не было, каб нам дапамагчы. Мы мусілі ўсё гэта рабіць самі.
У Дзень «Д» канадцы мелі найбольшую колькасьць ахвяр у працэнтных суадносінах.
Пасьля вайны
Хоня Кацман вярнуўся ў Канаду, у Прынц Альбэрт, дзе жыла ягоная сям’я. У 1949-м ён ажаніўся, а праз 6 гадоў сям’я пераехала ў горад Саскетун. Ён вельмі хацеў, каб ягоныя дзеці (меў пяцёра)
вырасьлі юдэямі. А ў мястэчку ў прэрыях не было нават сынагогі. У Саскетуне ён адкрыў уласную краму вопраткі Chain Clothers, дзе прадаваў каўбойскія боты і джынсы.
Пайшоўшы на пэнсію, Хоня запісаўся на вольныя заняткі па замежных мовах ва Ўнівэрсытэце Саскечуана. Вывучаў расейскую, гішпанскую і мову карэннага народу Канады — кры. На ёй, дарэчы, ён размаўляў свабодна. Добрыя стасункі з карэннымі канадцамі ў Хоні захаваліся яшчэ з войска. Ён ня раз браў удзел у іхных сьвятах, трубных цырымоніях і нават зьяўляўся ганаровым сябрам вэтэранскай арганізацыі карэнных народаў Канады.
Пасьля вайны Кацманаў знайшлі два стрыечныя браты, якія ацалелі ў Галакосьце ў Магілёве. Яны трапілі ў ЗША праз Ізраіль. Іхныя сем’і і цяпер жывуць у Сіэтле.
У 2014 годзе Хоня Кацман атрымаў узнагароду ад ураду Францыі — званьне Рыцара Нацыянальнага ордэна Пачэснага легіёну — найвышэйшай францускай узнагароды. Праз тры гады, у лютым 2017 году, ён памёр ва ўзросьце 95 гадоў. На той момант Кацман быў адным з найстарэйшых жывых вэтэранаў Дня «Д».
«Пасьля вайны тата ўжо ніколі больш ня быў у Нармандыі. Ён ніколі не прыяжджаў у Бялынічы або Магілёў. Тата нават ніколі больш ня быў у Эўропе, — гаворыць дачка Кацмана Фэй. — А я шмат гадоў нават ня ведала, што ён быў на вайне. Ён проста пра гэта ніколі не расказваў. І калі мы пра гэта даведаліся, то зразумелі, чаму на пачатку чэрвеня ў яго заўсёды былі начныя кашмары. Ён ня мог спаць гэты тыдзень. Потым ён казаў, што пасьля раненьня яму хацелі ампутаваць нагу. Ён не пагаджаўся. Яго пераконвалі, што калі ён гэтага ня зробіць, то памрэ. Ён сказаў, добра, няхай памру. Ён пагадзіўся толькі на апэрацыю, але адмовіўся ад абязбольвальнага. Тата асьцерагаўся, што яму адрэжуць нагу безь ягонай згоды. Ён сказаў, што мусіць быць адважным. І тата быў адважным».
Падчас высадкі ў Нармандыі загінула 4 414 жаўнераў і маракоў саюзьнікаў. Больш за 6 тысячаў былі параненыя. Пасьпяховая апэрацыя адкрыла шлях да вызваленьня Францыі, а затым і да наступу на Нямеччыну з захаду.