Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Літвы анансавала «найбуйнейшыя ў гісторыі» вучэньні NATO ў Балтыйскім моры


Фота з прэс-рэлізу Літоўскага войска
Фота з прэс-рэлізу Літоўскага войска

Пачалася падрыхтоўка да маштабных вучэньняў у Балтыйскім моры BALTOPS 24. У порт Клайпеды 4 чэрвеня прыбылі больш за 30 вайсковых караблёў саюзьнікаў па NATO, паведамляе прэс-служба Літоўскага войска.

Экіпажы караблёў, якія прыбылі на вучэньні, налічваюць больш за 4 тысячы маракоў, марскіх пяхотнікаў, марскіх лётчыкаў і іншых спэцыялістаў ВМС.

«Гэта будуць найбуйнейшыя вучэньні, якія калі-небудзь праводзіліся ў Балтыйскім моры, агулам у іх возьмуць удзел каля 9 тысяч вайскоўцаў і іншы асабовы склад, больш за 50 караблёў, больш за 80 самалётаў з 20 краінаў NATO», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

З 7 па 20 чэрвеня ў Балтыйскім моры пройдзе актыўная фаза вучэньняў пры ўдзеле міннага тральшчыка ВМФ Skalvis і вартавога карабля Aukštaitis. У вучэньнях таксама возьме ўдзел аб’яднанае падразьдзяленьне вайсковых караблёў краінаў Балтыі BALTRON. Падчас вучэньняў адпрацуюць высадку марскога дэсанту, агнявую падтрымку, супрацьпаветраную абарону, пошук і абясшкоджваньне мінаў, дзеяньні надводных і падводных бесьпілётнікаў і іншыя апэрацыі.

«Асноўная мэта вучэньняў — даць саюзьнікам магчымасьць адпрацаваць меры рэагаваньня на крызісныя сытуацыі і гарантаваць свабоду суднаходзтва і бясьпеку ў Балтыйскім рэгіёне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Вучэньні арганізаваныя Камандаваньнем ВМС ЗША ў Эўропе і Афрыцы і 6-м флётам ЗША, кіраваньне вучэньнямі будзе забясьпечваць штаб Вайскова-марскіх ударных сілаў і сілаў падтрымкі NATO (STRIKFORNATO), гаворыцца ў паведамленьні.

  • 31 траўня ў NATO завяршылі найбольш маштабныя з часоў халоднай вайны вайсковыя вучэньні. У вучэньнях Steadfast Defender 24, якія праходзілі ў некалькі этапаў, удзельнічалі ўсе 32 краіны, якія ўваходзяць у альянс, у тым ліку Швэцыя, якая ўступіла ў NATO толькі сёлета, а таксама заходнія суседзі Беларусі. Вучэньні пачаліся ў канцы студзеня і працягваліся да 31 траўня, у іх удзельнічалі больш за 90 000 вайскоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG