Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымушалі сьпяваць гімн СССР, стралялі побач з галавой. У сеціве зьявілася відэа са зьдзекамі з украінскіх ваеннапалонных


Кадар зь відэа з украінскімі ваеннапалоннымі
Кадар зь відэа з украінскімі ваеннапалоннымі

Харкаўская абласная пракуратура пачала расьсьледаваньне па факце зьдзекаў і зьбіцьця расейскімі салдатамі ўкраінскіх ваеннапалонных. Раней у сацыяльных сетках зьявілася адпаведнае відэа, якое, як сьцьвярджаецца, было зьнятае ў зоне баявых дзеяньняў у Харкаўскай вобласьці.

Пра пачатак расьсьледаваньня паведаміў офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

Пракуратура вядзе расьсьледаваньне па артыкуле аб парушэньні законаў і звычаяў вайны. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Дзьмітрый Лубінец заявіў, што тое, што адбываецца на відэазапісе, парушае прынцыпы Жэнэўскай канвэнцыі аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі.

«Зьвярнуўся з афіцыйнымі лістамі ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ААН, каб яны задакумэнтавалі факт зьдзекаў. Гэта стане яшчэ адным дадаткам у доказную базу для будучага трыбуналу над злачынцамі», — напісаў ён.

На відэа, якое зьявілася ў сеціве ў мінулую нядзелю, запісана, як расейскія салдаты вядуць па лесе групу зь некалькіх украінскіх палонных. Яны прымушаюць іх сьпяваць гімн СССР, а потым б’юць. Адзін ваеннапалонны падае на зямлю і ня можа падняцца. Пасьля гэтага расейскі салдат страляе побач зь яго галавой, імітуючы пакараньне сьмерцю.

Журналісты тэлеканалу «Суспільне» змаглі апазнаць на відэа аднаго з расейскіх вайскоўцаў. Паводле іх інфармацыі, гэта 32-гадовы Аляксей Кіпрын з Санкт-Пецярбургу. Мяркуючы па запісе, ягоны пазыўны — «Барс». У сацсетках Кіпрын пісаў, што ён «на варце Русі з 2014 году». Журналісты мяркуюць, што ён мог служыць ва ўзброеных фармаваньнях самаабвешчанай ЛНР. Ім удалося зьвязацца з Кіпрыным у мэсэнджары WhatsApp. Вайсковец пацьвердзіў, што прысутнічае на відэа з палоннымі. Ён заявіў, што іх перадалі ў лягер для ваеннапалонных.

На пачатку траўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад пра тое, што расейскія салдаты з пачатку сьнежня мінулага году, па ўсёй верагоднасьці, забілі ня менш як 15 украінскіх вайскоўцаў, якія спрабавалі здацца ў палон, і яшчэ ня менш як шэсьць вайскоўцаў, якія ўжо здаліся. Гэта ў дакладзе названа ваенным злачынствам, вінаватыя ў якім павінны панесьці адказнасьць.

9 красавіка Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што вядзецца расьсьледаваньне па 27 крымінальных справах аб пакараньнях сьмерцю 54 украінскіх ваеннапалонных. Усяго ва Ўкраіне расьсьледуецца больш за 5 тысяч крымінальных спраў аб меркаваных злачынствах, уключаючы забойствы палонных, учыненыя расейскімі ваеннымі ў ходзе поўнамаштабнага ўварваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG