Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква пагражае ЗША «фатальнымі наступствамі» за атакі амэрыканскай зброяй


Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў
Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў

Дазвол Кіеву выкарыстоўваць амэрыканскую зброю для нанясеньня ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі можа прывесьці да «фатальных наступстваў», заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў.

«Хацелася б перасьцерагчы амэрыканскіх дзеячоў ад пралікаў, якія могуць мець фатальныя наступствы. Яны зь незразумелых прычын недаацэньваюць сур’ёзнасьць таго адпору, які яны могуць атрымаць», — сказаў Рабкоў.

Ён заявіў, што адказ на атакі цэляў на расейскай тэрыторыі можа быць «асымэтрычным», але Вашынгтон, на думку Масквы, «адчуе наступствы». Акрамя таго, ён заклікаў ЗША «максымальна сурʼёзна ставіцца да засьцярог, якія гучаць з Расеі», у прыватнасьці да таго, што было сказана прэзыдэнтам Пуціным.

Расейскі прэзыдэнт, камэнтуючы заклікі шэрагу эўрапейскіх краін наносіць удары па Расеі, заявіў нядаўна, што «гэтыя прадстаўнікі краін NATO, асабліва ў Эўропе, асабліва ў малых краінах, павінны разумець, з чым яны гуляюць». Пры гэтым з Масквы гучаць дрэнна завуаляваныя пагрозы нанясеньня ўдару ядзернай зброяй.

У канцы траўня адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, як паведамілі некалькі амэрыканскіх СМІ, таемна дазволіла Ўкраіне наносіць удары па тэрыторыі Расеі з выкарыстаньнем амэрыканскай зброі.

Аднак дазвол распаўсюджваецца толькі на тэрыторыі, якія непасрэдна прылягаюць да Харкаўскай вобласьці, дзе ў апошнія тыдні расейскія войскі перайшлі мяжу і занялі шэраг прымежных тэрыторый. Удары па расейскіх тылах (калі гаворка ідзе аб міжнародна прызнанай тэрыторыі Расеі), у прыватнасьці з выкарыстаньнем ракет ATACMS, Вашынгтон па-ранейшаму не падтрымлівае.

У апублікаваным у пятніцу інтэрвію The Guardian прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зноў заклікаў ЗША даць дазвол на прымяненьне дальнабойных ракет па абʼектах у глыбіні расейскай тэрыторыі. Без такога дазволу з боку ЗША, падкрэсьліў Зяленскі, Украіна ня зможа выкарыстоўваць супраць цэляў у Расеі і ракеты, якія пастаўляюцца іншымі краінамі, у прыватнасьці Вялікай Брытаніяй, нягледзячы на тое, што Лёндан зьняў абмежаваньні на выкарыстаньне сваёй зброі.

Напярэдадні ў Бундэсверы дапусьцілі прымяненьне амэрыканскіх зэнітна-ракетных комплексаў «Пэтрыёт» над расейскай тэрыторыяй супраць самалётаў, «якія выкарыстоўваюць плянуючыя бомбы». Некалькі комплексаў «Пэтрыёт» Украіне перадала Нямеччына. Раней улады ФРГ усьлед за ЗША дазволілі Ўкраіне наносіць удары па цэлях у Расеі сваёй зброяй для абароны ад нападаў у Харкаўскай вобласьці.

У МЗС Расеі заявілі, што, даючы Кіеву дазвол на выкарыстаньне «Пэтрыётаў», краіны Захаду «ідуць па шляху эскаляцыі». «Таму ўсе меры, неабходныя з нашага боку, будуць прынятыя, для таго каб нэўтралізаваць пагрозы, зьвязаныя з такой эскаляцыяй», — сказаў ТАСС намесьнік кіраўніка расейскага МЗС Аляксандар Грушко.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG