Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​З турмы — у калгас. Чаму Лукашэнка вяртае на кіраўнічыя пасады чыноўнікаў-карупцыянэраў


Лукашэнка ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, 30 красавіка 2024 года
Лукашэнка ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, 30 красавіка 2024 года

За 30 гадоў кіраваньня Лукашэнкі дзясяткі топ-чыноўнікаў былі асуджаныя па карупцыйных справах. Многія зь іх не адбылі цалкам свой тэрмін у турме і выйшлі на волю раней. Свабода пацікавілася ў экспэртаў, чаму Лукашэнка, у якога барацьба з карупцыяй застаецца галоўным лёзунгам, рэгулярна мілуе хабарнікаў.

«Лукашэнка скарыстаў тэму барацьбы з карупцыяй для свайго іміджу»

У 1993 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзначаліў антыкарупцыйную камісію. Яна была створана рашэньнем Вярхоўнага Савету. Барацьбу з карупцыяй палітык зрабіў асноўным пунктам сваёй праграмы на першых дэмакратычных выбарах 1994 году.

Былы дэпутат парлямэнту Сяргей Навумчык у камэнтары Свабодзе адзначае, што яна працавала не як камісія па расьсьледаваньні фактаў карупцыі, а выключна ў якасьці піяр-праекту Лукашэнкі.

«Ён скарыстаў гэтую тэму барацьбы з карупцыяй для ўласных паблік рэлэйшнз, для ўмацаваньня свайго іміджу, — кажа Сяргей Навумчык. — Пікам быў ягоны выступ з антыкарупцыйным дакладам. Але гэта быў халасты стрэл, таму што асноўныя карупцыянэры нават не былі названыя. Калі ён быў абраны прэзыдэнтам, практычна ўсе, пра каго ў народзе гаварылі як пра карупцыянэраў, перайшлі ва ўрад Аляксандра Лукашэнкі».

Першы гучны карупцыйны скандал

У 2004 годзе затрымалі і арыштавалі кіраўніцу спраў прэзыдэнта Галіну Жураўкову. Яе арышт выклікаў рэзананс у грамадзтве: фактычна Лукашэнка прызнаў наяўнасьць карупцыянэраў у сваім найбліжэйшым атачэньні.

Жураўкову, да таго ж зямлячку Лукашэнкі, асудзілі на 4 гады калёніі за карупцыю. Віну чыноўніца не прызнала, але падчас суду папрасіла ў Лукашэнкі прабачэньня. За кратамі Жураўкова правяла некалькі месяцаў, потым яе памілавалі. Пасьля выхаду на волю чыноўніца зьнікла з палітычнага поля.

«Яе блізкія сплацілі каля двух мільёнаў, і на гэтым усё пайшло кудысьці ў пясок, — кажа бізнэсовец, эканаміст Аляксандар Кныровіч. — Па-другое, мы таксама павінны ўзгадаць, як быў арыштаваны сябра Лукашэнкі, які доўгі час узначальваў беларускі парлямэнт, — спадар Канаплёў. Трое сутак яго трымалі ў СІЗА, а потым чамусьці адпусьцілі».

З турмы — у калгас ці на праблемнае прадпрыемства

Прызначаць на праблемныя прадпрыемствы чыноўнікаў, асуджаных за хабар, Лукашэнка пачаў пасьля выбараў 2005 году. Тэрміны, на якія асуджалі карупцыянэраў, з гадамі расьлі.

Так, у 2008 годзе кіраўніка канцэрну «Белнафтахім» Аляксандра Бароўскага арыштавалі за «злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі» і прысудзілі яму пяць гадоў калёніі. Але выйшаў ён праз паўтара. Лукашэнка паставіў яго кіраўніком Менскага аўтамабільнага заводу.

Узначальваць калгас паехаў з турмы і былы намесьнік генэральнага пракурора Аляксандар Архіпаў. Ён у 2014 годзе быў асуджаны за хабар на 6 гадоў калёніі, але выйшаў праз два. Лукашэнка прызначыў яго дырэктарам сельскагаспадарчага прадпрыемства «Пятровічы» ў Менскай вобласьці. У 2018 годзе Архіпава зьнялі з пасады. Пасьля гэтага Архіпаў стаў першым намесьнікам генэральнага дырэктара кампаніі «БелАсэптыка», працаваў там да 2020 году. Чым цяпер займаецца Архіпаў — невядома.

Аляксандра Рымашэўскага Лукашэнка ў 2006 годзе ўзнагароджваў мэдалём «За працоўныя заслугі», тады чыноўнік яшчэ працаваў у Слуцкім райвыканкаме. Пасьля гэтага Рымашэўскага прызначылі галавой Салігорскага раёну, а ў 2017 годзе арыштавалі за хабарніцтва і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Рымашэўскі выйшаў на волю праз паўгода — нібыта яго памілаваў Лукашэнка — і атрымаў пасаду дырэктара калгаса «Радастаўскі» ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласьці.

Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч тлумачыць, што сама беларуская сацыяльная мадэль вельмі спрыяльная для карупцыі.

«Існуе паралельна рынкавы сэктар і дзяржаўны, адсутнасьць незалежнага суду, правасудзьдзя. Фактычна, што зьяўляецца карупцыяй, вырашаюць нейкія сілавікі, а ня суд, як у нармальным дэмакратычным грамадзтве. І, канечне, Лукашэнка, калі гэта тычыцца высокіх чыноўнікаў.

Лукашэнка лічыць, што ў краіне ўсё належыць яму, і калі чыноўнікі нейкія крадуць, то крадуць у яго. Чым больш змагаюцца з такімі чыноўнікамі, тым не становіцца менш карупцыі ў Беларусі. Таму што сама сыстэма аднаўляе гэтую карупцыю і стварае спрыяльныя ўмовы».

Сталінскі мэтад кіраваньня кадрамі

Практыку Лукашэнкі па прызначэньні чыноўнікаў-хабарнікаў на праблемныя прадпрыемствы былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык параўноўвае з кадравым мэханізмам, які працаваў пры Сталіну.

«Мне гэта нагадвае 1941 год, калі пасьля першых такіх правалаў, катастрафічных правалаў на фронце, Сталін быў вымушаны вызваліць некаторых арыштаваных НКВД генэралаў і накіраваць іх на фронт, — кажа Сяргей Навумчык. — Я не параўноўваю чыноўнікаў-карупцыянэраў з генэраламі, але нешта падобнае ў мэханізьме тут ёсьць. Гэтыя людзі будуць абсалютна ўдзячныя за памілаваньне, бо памілаваць можа толькі той, хто называецца прэзыдэнтам, яны стануць яму служыць, куды б іх ні пасылалі. А другое, што яны сябе скампрамэтавалі, ёсьць кампрамат, можна трымаць на кантролі. Гэта таксама сталінскі мэтад кіраваньня кадрамі. Сталін любіў кіраваць кадрамі, меў густ у гэтай справе. Аляксандар Рыгоравіч шмат у яго пераняў, у тым ліку і ў кадравай сваёй палітыцы».

«Лукашэнку яны ўспрымаюць як бога, які можа караць, а можа мілаваць»

У 2019 годзе Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога ў Беларусі забаранялася датэрмінова вызваляць асуджаных карупцыянэраў і замяняць ім пакараньне на мякчэйшае. Прыпынілі таксама і памілаваньне такіх асоб. У год прыняцьця ўказу бізнэсовец, эканаміст Аляксандар Кныровіч знаходзіўся ў калёніі, дзе адбываў пакараньне за «нясплату падаткаў» і «хабар».

«Там было шмат дзяржслужбоўцаў, асуджаных за хабар. І ім гэты ўказ не спадабаўся. Людзі, якія былі на высокіх пасадах, былі пакрыўджаныя тым, што яны частка сыстэмы, а іх пакаралі. Але Лукашэнку яны ўспрымаюць як бога, які можа караць, а можа мілаваць. Стаўленьне да бога ў іх ніяк не зьмянілася», — кажа Аляксандар Кныровіч.

Але хутка Лукашэнка сам жа і ануляваў свой указ і працягнуў мілаваць чыноўнікаў-карупцыянэраў. Ня так даўно экс-гендырэктар «Белшыны» Андрэй Бунакоў, арыштаваны ў 2023 годзе за карупцыю, выйшаў на волю. Пра яго затрыманьне паведаміў сам Лукашэнка.

За кратамі Бунакоў правёў больш за год. Аднак ніякіх зьвестак ні пра суд над Бунаковым, ні пра спыненьне крымінальнага перасьледу ў публічнай прасторы не было. Цяпер Андрэй Бунакоў узначальвае будаўніцтва беларускага марскога тэрміналу ў Расеі.

Гэта далёка ня першы выпадак, калі топ-чыноўніка асудзілі за карупцыю, ён не адбыў свой тэрмін цалкам і выйшаў на волю.

Ці застаюцца чыноўнікі ідэйнымі прыхільнікамі Лукашэнкі пасьля выхаду на волю — невядома.

«Іх ляяльнасьць грунтуецца на тым, што на іх ёсьць кампрамат і ён у любы момант можа быць выцягнуты. Наяўнасьць кампрамату трымае гэтых людзей у паслухмянасьці і фармальнай ляяльнасьці», — кажа палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Які маштаб карупцыі ў Беларусі?

«Тут як паглядзець, — дадае Валер Карбалевіч. — У Беларусі ня лічыцца карупцыяй тое, што лічыцца ёю ў іншых краінах. Звыш дзясятка рэзыдэнцый Лукашэнкі — і ніхто гэта карупцыяй ня лічыць. Рашэньні Лукашэнкі, якія ён робіць супраць закону, таксама ня лічацца карупцыяй, таму тут Беларусь можа выглядаць лепш за Ўкраіну і Расею».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG