Данія, Фінляндыя і Канада дазволілі Ўкраіне ўжываць пастаўленую імі зброю для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі. Раней падобныя заявы зрабілі Польшча, Вялікая Брытанія і Швэцыя; за паслабленьне абмежаваньняў на выкарыстаньне заходняй зброі выступаюць Францыя, Нідэрлянды, Чэхія, Літва, Латвія і Эстонія, піша «Настоящее время».
Прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што Ўкраіна можа выкарыстоўваць дадзеную ёй зброю для ўдараў па Расеі, калі гэта адпавядае міжнароднаму праву.
Кіраўніца МЗС Фінляндыі Эліна Валтанэн 29 траўня сказала, што Фінляндыя не абмяжоўвала Ўкраіну ў нанясеньні ўдараў фінскай зброяй па тэрыторыі Расеі.
Міністарка замежных спраў Канады Мэляні Жалі ўказала, што Ўкраіна можа наносіць удары канадзкай зброяй па тэрыторыі Расеі, бо Канада ня ставіла Ўкраіне ніякіх умоваў адносна выкарыстаньня яе ўзбраеньняў.
Раней падобныя заявы зрабілі Польшча, Вялікая Брытанія і Швэцыя. Намесьнік кіраўніка польскага Мінабароны Цэзары Томчык сказаў, што на польскую зброю, якая пастаўляецца Кіеву, «няма такіх абмежаваньняў».
Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Джэймс Кэмэран яшчэ 2 траўня падчас візыту ў Кіеў заявіў аб праве Ўкраіны біць па тэрыторыі Расеі зброяй, прадстаўленай Лёнданам.
26 траўня міністар абароны Швэцыі Пол Ёнсан адзначыў, што «згодна зь міжнародным правам Украіна мае права абараняць сябе шляхам ваенных дзеяньняў, накіраваных супраць тэрыторыі праціўніка, калі гэтыя дзеяньні адпавядаюць законам вайны», а Швэцыя падтрымлівае міжнароднае права і права Ўкраіны на самаабарону.
За паслабленьне абмежаваньняў у дачыненьні да выкарыстаньня заходняй зброі выступілі таксама Францыя, Нідэрлянды, Чэхія, Літва, Латвія і Эстонія.
Некаторыя краіны наўпрост указваюць, што гэта павінны быць вайсковыя цэлі на тэрыторыі Расеі. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон 28 траўня падчас візыту ў Нямеччыну заявіў, што неабходна «дазволіць Украіне нэўтралізаваць вайсковыя абʼекты, зь якіх запускаюць ракеты». Пры гэтым, паводле яго, Кіеў не павінен мець права паражаць іншыя цэлі ў Расеі, у прыватнасьці цывільныя абʼекты.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, якога лічаць адным з галоўных праціўнікаў ужываньня Ўкраінай заходняй зброі па цэлях у Расеі, 26 траўня зноў выступіў супраць гэтага. Аднак выданьне Politico сьцьвярджае, што ўлады Нямеччыны пачалі з асьцярожнасьцю адмаўляцца ад агаворак адносна прымяненьня Кіевам іх зброі. Так, 29 траўня прэс-сакратар Шольца Штэфан Гэбэштрайт заявіў, што абарончыя дзеяньні Ўкраіны «не абмяжоўваюцца ўласнай тэрыторыяй, але [могуць] распаўсюджвацца і на тэрыторыю агрэсара». Крыніца Politico, знаёмая з пазыцыяй нямецкага ўраду, сказала, што Шольц цяпер выступае за дазвол выкарыстоўваць заходнюю зброю супраць цэляў на тэрыторыі Расеі.
ЗША публічна не ўхвалялі нанясеньне Ўкраінай удараў па Расеі амэрыканскай зброяй. 29 траўня кіраўнік Дзярждэпартамэнту Энтані Блінкен сказаў, што «Ўкраіна павінна самастойна прымаць рашэньні аб тым, як абараняцца найбольш эфэктыўным чынам». The Washington Post са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі Байдэна піша, што ЗША дазволілі Ўкраіне ўжываць перададзеныя ёй сродкі СПА, каб зьбіваць ракеты і самалёты над тэрыторыяй Расеі, але толькі калі расейскія ракеты і самалёты становяць пагрозу для Ўкраіны.
Некалькі дзён таму Парлямэнцкая асамблея NATO прыняла дэклярацыю з заклікам да ўрадаў краін Эўразьвязу дазволіць Украіне наносіць удары па расейскіх вайсковых абʼектах.
У Расеі абяцаюць адказаць, калі Ўкраіна будзе наносіць удары па Расеі дальнабойнай зброяй. Пуцін нядаўна, камэнтуючы магчымыя ўдары па Расеі зброяй вялікай далёкасьці, сказаў, што «гэтыя прадстаўнікі краін NATO, асабліва ў Эўропе, асабліва ў малых краінах, павінны разумець, з чым яны гуляюць».
СМІ пішуць, што ўкраінскія вайскоўцы ўжо прымянялі заходнюю зброю для ўдараў па Расеі. Агенцтва France-Presse са спасылкай на крыніцы пісала, што апошні раз УСУ атакавалі заходняй зброяй абʼекты паблізу Краснадару, не ўдакладніўшы, пра якую менавіта зброю ідзе гаворка. Газэта Bild, таксама са спасылкай на крыніцу, паведаміла, што УСУ сама меней адзін раз выкарыстоўвалі ЗРК Patriot, перададзены Нямеччынай, супраць расейскіх самалётаў, якія атакавалі Ўкраіну. Мінабароны Расеі ў сваіх зводках сьцьвярджае, што УСУ наносяць удары па анэксаваным Крыме ракетамі ATACMS, якія Кіеву перадалі ЗША.
Форум